Беларускі Чырвоны Крыж перадаў гуманітарную дапамогу мігрантам на беларуска-польскай мяжы



Супрацоўнікі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа выдалі гуманітарную дапамогу мігрантам, якія знаходзяцца ў лагеры на беларуска-польскай мяжы.

Як паведамілі ў БТЧК, перадача гуманітарных набораў праходзіла да позняга вечара 9 лістапада і працягвалася 10 лістапада.

Усяго запланавана перадаць 5.300 літраў пітной вады, 1,5 тоны мясной прадукцыі, 500 кг ялавічнай тушонкі, 1.000 хлебабулачных вырабаў, 1.200 адзінак кандытарскіх вырабаў, 200 кг яблыкаў, 100 харчовых набораў, 1.000 адзінак адзення і шкарпэтак, 51 ваўняную коўдру.

Як адзначылі ў Чырвоным Крыжы, дапамогу ў арганізацыі гуманітарнай падтрымкі мігрантам аказалі прадстаўнікі Савета Рэспублікі, Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ), Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, Афганская абшчына ў Беларусі, а таксама прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасці Гарадзенскай вобласці.

„Беларускі Чырвоны Крыж цесна ўзаемадзейнічае з дзяржаўнымі органамі і міжнароднымі арганізацыямі для каардынацыі сіл і далейшай аператыўнай дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу”, — гаворыцца ў паведамленні БТЧК.

Арганізацыя таксама абвясціла дабрачынную кампанію па зборы сродкаў для дапамогі мігрантам — варыянты аплаты апісаныя на сайце БТЧК. Праз Гродзенскую гарадскую арганізацыю (Гродна, вул. Карбышава, 24) можна перадаць мігрантам цёплыя дзіцячыя рэчы, коўдры, прадметы гігіены.

8 лістапада ў раёне пункта пропуску „Кузніца Беластоцкая” (з беларускага боку — „Брузгі”) была здзейсненая спроба масавага пранікнення на тэрыторыю Польшчы нелегальных мігрантаў, як мяркуецца, з Іракскага Курдыстана, цераз загароду з калючага дроту. Мігранты разбілі лагер уздоўж лініі мяжы з беларускага боку.

9 лістапада Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі паведаміў, што „фізічны і маральны стан людзей вельмі цяжкі і прыгнечаны”: „Не хапае вады і ежы. На тэрыторыі лагера няма мінімальных умоў для штодзённых гігіенічных працэдур. Сітуацыя ўскладняецца наяўнасцю сярод бежанцаў значнай колькасці цяжарных жанчын і грудных дзяцей, якія вымушаныя начаваць на зямлі пры тэмпературах блізкіх да нуля”.

Адказваючы на пытанне, ці будзе беларускі бок аказваць гуманітарную дапамогу мігрантам у лагеры, афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Беларусі Антон Бычкоўскі заявіў БелаПАН, што „ўсе пытанні, звязаныя з аказаннем якой-небудзь дапамогі, будуць вырашацца ў аператыўным парадку”.