Беларускі Чырвоны Крыж праводзіць акцыю „Спёка”
З-за анамальна цёплага надвор’я Беларускі Чырвоны Крыж абвясціў бестэрміновую акцыю „Спёка”. Сэнс у тым, каб усе мелі бесперашкодны доступ да пітной вады.
Фота vitebsk.biz
Чырвоны Крыж абяцае стварыць у абласных цэнтрах і ў буйных гарадах адмысловыя кропкі, дзе кожны зможа бясплатна атрымаць ваду.
„У анамальную спёку трэба трымацца пітнога рэжыму, каб не нанесці шкоды арганізму”, – кажа лекар Марыя Паўлавец:
– З гэтага тыдня ўстанаўліваецца незвычайная спёка для нашай мясцовасці, а можа ўжо і звычайная, наколькі я памятаю, гэта ўжо ў апошнія гады мы такое назіраем. Рэкамендацыя па захаванні пітнога рэжыму, то бо на суткі вы павінныя прыняць 2,5 літры, а нават і 3 літры вады, калі вы моцна пацееце. Няма неабходнасці несці з сабой вялікія ёмістасці вады, то бок разлічвайце так, каб вам яе хапіла на дарогу.
Медыкі засцерагаюць ад удзелу ў масавых мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня Незалежнасці. Лекары раяць святкаваць увечары, калі сыходзіць небяспечная спякота.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя