Беларускі Чырвоны Крыж шукае валанцёраў



Беларускі Чырвоны Крыж заклікае неабыякавых і актыўных грамадзян папаўняць шэрагі валанцёраў, якія ва ўмовах пандэміі возьмуць апеку над людзьмі сталага веку. Добраахвотнікаў чакаюць ва ўсіх філіялах арганізацыі па краіне.

Для валанцёраў абавязкова ладзяцца адмысловыя інструктажы, – кажа прадстаўніца Чырвонага Крыжа Надзея Аксак:

– Перад тым як выйсці, з валанцёрамі абавязкова праводзіцца інструктаж. Ніколі ён не будзе лішнім. Будзем нагадваць, як трэба сябе паводзіць, што можна, а што нельга. У кожнага валанцёра свой бэйдж, на якім прозвішча і імя. У масках, пальчатках – гэта абавязкова. Валанцёр толькі перадае тую перадачу, якую павінен прынесці.

Па інфармацыі Беларускага Чырвонага Крыжа ў краіне каля аднаго мільёна людзей сталага веку, якім з-за каронавіруса неабходная патрымка. Раней гэтыя грамадзяне самі сябе абслугоўвалі, але цяпер вымушаныя абмяжоўваць выхад на вуліцу. 

Беларускае Радыё Рацыя