Беларускі Чырвоны Крыж збірае рэчы для абяздоленых
Беларускія сіноптыкі абяцаюць халодную зіму, таму Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа праводзіць агульнанацыянальны збор цёплых рэчаў для абяздоленых і малазабяспечаных груп грамадства.
Акрамя таго ўжо адпрацаваная сістэма аказання стацыянарнай дапамогі: пункты гарачага харчавання і абагрэву, аказанне медычнай дапамогі ды прадастаўленне начлегу.
Адпаведныя захады Беларускі Чырвоны Крыж робіць не першы год, кажа пінская валанцёрка Наталля Якуніна:
– Праводзім акцыю, бо надыходзіць зіма, халодныя часы. Нам патрэбныя цёплыя рэчы таму, што людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, патрэбныя цёплыя рэчы. Таксама патрэбныя рэчы першай неабходнасці, прадукты харчавання. Непатрэбныя рэчы можна не проста выкінуць на сметнік, а перадаць у карыстанне людзям.
У таварыстве зазначаюць, што ў маразы ў групу рызыкі трапляюць не толькі бяздомныя, бо амаль усе яны на ўліку, але і старыя адзінокія людзі. Часам яны не здольныя вытапіць печ альбо выйсці ў сцюжу ў краму, таму ім патрэбная дапамога.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя