Беларускі дзеяч, якога закатавалі пад Магілёвам
Беларускаму грамадскаму, рэлігійнаму і культурнаму дзеячу, публіцысту, перакладчыку і папулярызатару навукі, аднаму з лідараў БХД Станіславу Грынкевічу (1902-1945) 2 лютага спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння.
Нарадзіўся Станіслаў Грынкевіч у мястэчку Новы Двор былога Сакольскага павета Гарадзенскай губерні. Спачатку вучыўся ў вясковага настаўніка, які яго і рыхтаваў да экзаменаў у гімназію. У 1912 годзе Стась Грынкевіч здаў экзамен і быў залічаны ў Гродзенскую дзяржаўную мужчынскую гімназію.
Калі пачалася першая сусветная вайна, Станіслаў Грынкевіч, разам са сваім стрыечным дзядзькам выехаў у Смаленскую губерню. Там закончыў сем класаў, а праз пэўны час зноў вярнуўся ў родную вёску, дзе пачаў рыхтавацца да паступлення ва універсітэт.
Здаўшы паспяхова экзамены, Станіслаў Грынкевіч паступіў у Віленскі медыцынскі універсітэт. Але па сямейных абставінах закончыў яго ў Познані. Да 1935 года працаваў у медыцынскай клініцы, пасля — у псіхіятрычнай бальніцы ў Харошчы каля Беластока. Працаваў таксама ардынатарам аддзела нервовых хвароб, адначасова вёў лабараторныя доследы і пісаў пра іх працы. Займаўся і перакладчыцкай дзейнасцю: перакладаў на беларускую мову медыцынскія працы з іншых моў, а таксама рэлігійныя творы. У гэты час ён рэгіструе шлюб з лекаркай стаматалогіі, полькай па нацыянальнасці. У сваім шчаслівым жыцці яны мелі двух сыноў і дзвюх дачок. Жонка Ядвіга Грынкевіч, як і яе муж Станіслаў, апрацоўвала лекарскія парады па-беларуску і нават сама пісала артыкулы на медыцынскія тэмы. У Вільні выходзяць іх сумесныя кнігі “Рады хворым і здаровым” (1935 г.), “Алкагалізм” (1938 г.), “Умовы і загады, неабходныя для здароўя” (1939 г.) і іншыя.
У пачатку 1927 года Станіслаў Грынкевіч з сям’ёй пераехаў у Вільню. Тут уладкаваўся на працу ў першую Віленскую паліклініку. Меў свой дом, агарод, сад. Адсюль пісаў артыкулы ў розныя беларускія часопісы. Яны з’яўляліся ў “Студэнцкай думцы”, “Крыніцы”, “Заранцы”, “Калосьсях” і ў іншых выданнях. Ён любіў ездзіць па беларускіх вёсках, сустракацца з людзьмі, якім чытаў папулярныя лекцыі па гігіене, медыцыне і гісторыі. У 1936 годзе Станіслаў Грынкевіч выдаў брашуру “Асьвета”. На жаль, польская паліцыя яе канфіскавала, аўтар адсядзеў два тыдні за кратамі і атрымаў штраф.
На здымку: Кіраўніцтва Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Вільня, 1936 год. Станіслаў Грынкевіч у другім радзе трэці справа.
У 1937 годзе, пасля падарожжа на Украіну, ён напісаў і выдаў новую брашуру “У братоў украінцаў”. Наогул, доктар медыцыны Станіслаў Грынкевіч пісаў шмат. Адны назвы ягоных артыкулаў гавораць самі за сябе, гавораць аб тым, які гэта быў адукаваны і разумны чалавек. Вось, напрыклад, некалькі назваў ягоных прац: “Аб тэатры” (1927 г.), “Царква. Помста. Вязьніца” (1928 г.), “Капля вады” (1927 г.), “Народ” (1927 г.), “Як лячыць хваробы хатнім спосабам” (1927 г.), “З зацемак аб характары беларусаў” (1935 г.), “Аб праве да бацькаўшчыны” (1936 г.), “Гігіена псіхічная, як праблема асноўных адносінаў да жыцьця” (1937 г.) і іншыя.
Пісаў Станіслаў Грынкевіч і драматычныя творы. У 1927 годзе ў Вільні асобным выданнем выйшла з друку яго п’еса ў трох абразах “Жанімства па радыё”. Гэты бытавы драматычны твор расказвае пра жыццё і справы беларускіх вяскоўцаў.
У эміграцыйным рэлігійным часопісе “Znic” (1973 г., № 117) змешчаны ўспаміны А. Валтупскага, дзе аўтар, у прыватнасці піша: “За два дні перад прыходам у Літву вайсковых савецкіх сіл я адведаў у Ерузалімцы Грынкевічаў. Прынагодна спаткаў у іх і друкара Скарынаўскай Друкарні ў Вільні Альфонса Шутовіча. Я стаяў на тым становішчы, што беларусам-незалежнікам, перад усім інтэлігенцыі, трэба падавацца на Захад, бо бальшавікі зьліквідуюць усіх пагалоўна. Што пазней і сталася. Ядвіга Грынкевічыха, частуючы нас забеленай заціркай, катэгарычна абвясьціла: “Стась нікуды ня будзе ўцякаць ад сям’і перад акупацыяй, ён ня мае ніякага праступку перад законамі акупантаў, бо ён не савецкі грамадзянін. Яны за перадваенную беларускую дзейнасць ня могуць мець ніякага права караць. Зрэшты, бальшавікі тут не астануцца, яны прагоняць гітлераўцаў і пасля адступяць за старыя граніцы, пакідаючы Польшчы тыя ўсе землі, што належалі ёй перад вайною”.
Нічога аднак ня зьдзейснілася з таго, у што верыла спажа Ядвіга Грынкевічыха. На трэці дзень пасьля заняцьця Вільні і ваколіц савецкімі збройнымі сіламі, да Грынкевічаў з’яўляецца ўзброеная контрразьведка і арыштоўвае доктара Станіслава Грынкевіча”.
Пасля яго арышту былі канфіскаваны дом і ўся маёмасць. А самога спадара Грынкевіча адправілі на допыты ў Менск. А 25 ліпепя 1945 года пад Магілёвам расстралялі.
Лёс Ядвігі Грынкевіч склаўся па-іншаму. Ёй удалося выехаць у Польшчу, уладкавацца на працу і даць дзецям добрую адукацыю. Усё жыццё яна верыла, што яе муж жывы ў савецкіх лагерах, піша і друкуе артыкулы пад чужым прозвішчам. Сябры і знаёмыя не хацелі гаварыць ёй аб трагічнай гібелі Станіслава Грынкевіча, каб жанчына не губляла надзеі.
Памерла Ядвіга Грынкевіч ад рака лёгкіх у 1963 годзе ў Гданьску ў акадэмічным шпіталі.
На здымку: Кніга “Час вяртання” (Беласток, 1999), падрыхтаваная Сяргеем Чыгрыном, куды ўвайшлі і асобныя творы Станіслава Грынкевіча.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя