Беларускі гісторык прыме ўдзел у Катыньскім Маршы



20 верасня 2020 года ў Варшаве адбудзецца Катыньскі Марш, у якім актыўны ўдзел прыме беларускі гісторык і рэканструктар Ігар Мельнікаў.

Чаму важна прымаць удзел у такіх мерапрыемствах, кажа сам гісторык:

– Гэта вельмі важнае мерапрыемства «Катыньскі марш». Ён, зразумела, ладзіцца ўжо некалькі год, але для беларусаў – гэта яшчэ раз магчымасць падкрэсліць, па-першае, што беларускі катыньскі спіс – гэта не проста ўрыўкі гісторыі Польшчы, а таксама і Беларусі. Ахвяры былі і з тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай, шмат было этнічных беларусаў, хто быў рэпрэсаваны. Таксама гэта магчымасць паказаць яшчэ раз, што для сучаснай Беларусі Другая сусветная вайна пачалася менавіта 1 верасня 1939 года.

Гісторык пакажа на Маршы адзін са строяў, у які былі апранутыя вайскоўцы–беларусы падчас пачатку Другой сусветнай вайны:

– Я буду ў мундзіры марака пінскай флатыліі. Буду паказваць і буду з партрэтам Янкі Брыля, які якраз у гэтым мундзіры мужна абараняў Гдыню менавіта ў верасні 1939 года. Якраз таксама жаданне паказаць тое, што тады ў верасні 1939 года беларусы разам з палякамі мужна змагаліся супраць нацызму. Паказаць тое, пра што сёння, на вялікі жаль, у Беларусі не ўзгадваецца.

Для пераезду ў Польшчу для ўдзелу ў Маршы гісторыку спатрэбілася вялікая колькасць розных дакументаў, у тым ліку дазвол галоўнага эпідэміялагічнага лекара Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя