Беларускі „Мі-26” тушыць лясны пажар у Грузіі



Верталёт „Мі-26” авіяцыі МНС Беларусі 22 жніўня накіраваўся ў Грузію для ўдзелу ў тушэнні буйнога ляснога пажару.

У Баржомскай цясніне агонь падышоў ушчыльную да населенага пункта Даба. Хуткаму распаўсюджванню полымя спрыяе моцны вецер. У тушэнні ўдзельнічаюць прыблізна сотня ратавальнікаў і леснікоў, а таксама добраахвотнікі з ліку мясцовых жыхароў. Грузінскі бок звярнуўся па дапамогу да іншых краін. Прыбылі таксама верталёты з Турцыі і Азербайджана. Урад стварыў надзвычайны штаб для барацьбы з пажарам.

Як паведамляе прэс-служба МНС, „Мі-26” — цяжкі шматмэтавы транспартны верталёт, мае найвялікшую грузападымальнасць у свеце. Для тушэння пажараў выкарыстоўваецца транспартаваная на знешняй падвесцы вадазліўная прылада, якая змяшчае да 15 тон вады. Такі спосаб неаднаразова даказваў сваю эфектыўнасць, асабліва пры складаным рэльефе мясцовасці і немагчымасці дастаўкі вады наземным транспартам.

Экіпаж здзейсніў дазапраўку ў Растове-на-Доне. На борце 10 ратавальнікаў, якія маюць вопыт у ліквідацыі буйных пажараў у экасістэмах. Авіятары МНС Беларусі працавалі ў Грэцыі, Сербіі, Расіі. Адзін з бартоў зараз знаходзіцца ў Турцыі і аказвае дапамогу гэтай краіне.

23 жніўня ў 7.12 верталёт здзейсніў пасадку ў Кутаісі.

belapan.com