Беларускі назалежны прафсаюз заяўляе пра ўзмацненне ціску ўлад
Беларускі незалежны прафсаюз дзейнічае ў агрэсіўным асяроддзі, умовы для яго працы сталі больш жорсткімі, канстатаваў старшыня прафсаюза Мікалай Зімін, выступаючы са справаздачай 20 красавіка ў Менску на XI справаздачна-выбарным з’ездзе БНП гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў.
Паводле яго слоў, цяпер сур’ёзны націск адчувае прафсаюзная арганізацыя на ААТ „Беларуськалій”. Ён сцвярджае, што адміністрацыя прадпрыемства, выкарыстоўваючы сваё становішча, „шляхам шантажу і гвалту прымушае работнікаў да выхаду з незалежнага прафсаюза” пад пагрозай таго, што „не будзе кар’ернага росту, павышэння разраду, навучання іншым спецыяльнасцям, а будзе адмова ў прэміях да святаў, звальненне ў сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння кантракта, непрацягненне кантракта” і іншыя наступствы. Такія дзеянні, адзначыў ён, прывялі да „адначасовага масавага выхаду работнікаў з прафсаюза”.
Зімін адзначыў, што асноўнай мэтай БНП з’яўляецца „павышэнне жыццёвага ўзроўню і сацыяльнай значнасці сваіх членаў, абарона іх працоўных, сацыяльна-эканамічных, грамадзянскіх, маёмасных і іншых правоў і законных інтарэсаў”. У гэтым плане, сказаў ён, важным элементам працы з’яўляецца ўзаемадзеянне з органамі ўлады і адміністрацыямі прадпрыемстваў.
„Але ў краіне дзейнічае аўтарытарны рэжым, таму выбудоўваць партнёрскія адносіны вельмі складана. Незалежныя прафсаюзы не ўпісваюцца ў дзяржаўную мадэль пабудовы грамадства. Прафсаюз захаваў прынцыпы дэмакратычнага ўладкавання — усе працэсы праходзяць адкрыта з прыняццем калектыўнага рашэння. Стварэнне новых арганізацый спалучанае з цяжкасцю выканання інструкцыі, звязанай з дзяржаўнай рэгістрацыяй прафесійных саюзаў. Найбольш складанае пытанне — атрыманне юрыдычнага адрасу. Наймальнікі пад рознымі маркамі не даюць такі дакумент”, — падкрэсліў лідар прафсаюза.
Ён заявіў, што сёння Беларусь з’яўляецца „недэмакратычнай краінай, дзе прымаюцца недэмакратычныя законы, дэкрэты і ўказы, якія супярэчаць Канстытуцыі і канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы”. Паводле яго слоў, „дыктатура ўразіла ўсе пласты беларускага грамадства”.
„Дзейнічае дазвольны прынцып рэгістрацыі дэмакратычных прафсаюзаў, — нагадаў Зімін. — Члены зазнаюць пастаянны ўціск з боку адміністрацый прадпрыемстваў. Асаблівая роля ў гэтым адводзіцца ў ідэолагаў, якія вядуць упартую барацьбу з сябрамі незалежнага прафсаюза. Адміністрацыі выкарыстоўваюць гвалтоўныя метады барацьбы з прафсаюзнымі арганізацыямі — шантаж, пагрозы, запалохванні. Актывістаў імкнуцца дыскрэдытаваць, а затым звольніць. Гэтая практыка пачала дзейнічаць з моманту абрання Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі. Начальнікі на месцах капіююць манеру кіравання прэзідэнта”.
Старшыня БНП падкрэсліў, што дамагчыся ажыццяўлення сваіх правоў у краіне фактычна нерэальна, паколькі „органы ўлады і кіравання, вярхоўная ўлада замінаюць развіццю грамадзянскай супольнасці і незалежных прафсаюзаў у прыватнасці”, прычым „працэсамі падаўлення дэмакратыі і свабоды ў краіне кіруе адзін чалавек”.
„Беларусь стала некамфортнай і нават небяспечнай краінай для пражывання яе грамадзян. Афіцыйная прапаганда ўдзёўбвае ў галовы людзей думку, што ў Беларусі жыццё самае спакойнае і багатае, чым ва ўсім астатнім свеце. Мясцовыя трубадуры ад аўтарытарызму падаюць інфармацыю так, быццам мясцовыя беды і нават смерць таксама лепшыя на свеце. Беларусь апынулася ізгоем у цывілізаваным свеце, з ёй супрацоўнічаюць у асноўным недэмакратычныя краіны. Эканоміка ў жахлівым стане. Ідзе пастаянны пошук для крэдытаў і латання дзірак. Краіна пераўтвораная ў грамадства рабоў, дармаедаў, карупцыянераў і злодзеяў, ідуць пастаянныя судовыя працэсы. Дорага абыходзіцца краіне прэзідэнцтва Лукашэнкі”, — заявіў прафсаюзны лідар.
belapan.by