Беларускі ПЭН-цэнтр патрабуе спыніць пераслед Паўла Севярынца
Беларускі ПЭН-цэнтр патрабуе спыніць пераслед Паўла Севярынца.
„Больш за 20 гадоў на пісьменніка і грамадскага дзеяча Паўла Севярынца аказваецца ціск, які выяўляецца: у пазбаўленні волі, накладанні штрафаў, канфіскацыі рукапісаў і ўмяшальніцтве ў прыватнае жыццё”, — гаворыцца ў лісце, які распаўсюдзіла Рада арганізацыі.
Аўтары ліста сцвярджаюць, што Севярынец за 21 год грамадска-палітычнай дзейнасці больш за 120 разоў затрымліваўся міліцыяй і КДБ, атрымаў штрафаў на 15 тыс. долараў. Агулам правёў падчас адміністрацыйных арыштаў на „сутках” больш за год, у зняволенні — чатыры з паловай гады. Неаднаразова быў прызнаны міжнароднымі і беларускімі праваабаронцамі палітычным вязнем і вязнем сумлення.
„Шматгадовыя пераслед і арышты Паўла Севярынца парушаюць права на выказванне, падрываюць здароўе творцы і перашкаджаюць творчай дзейнасці. У сувязі з гэтым мы заклікаем улады Беларусі спыніць пераслед Паўла Севярынца”, — гаворыцца ў лісце Рады ПЭН-цэнтра.
Павел Севярынец — лаўрэат літаратурных прэмій Беларускага ПЭН-цэнтра: імя Алеся Адамовіча 2007 года і імя Францішка Аляхновіча 2014 года, прэміі „За свабоду думкі” імя Васіля Быкава 2008 года, у 2018 годзе з раманам „Беларусалім” (2017) увайшоў у шорт-ліст прэміі Ежы Гедройца.
Палітыка затрымалі 26 лютага на выхадзе з дому за заклік да ўдзелу ў акцыі салідарнасці з палітвязнямі, якая прайшла на сталічнай Кастрычніцкай плошчы ўвечары. У ёй прынялі ўдзел каля дзясятка чалавек. Паводле інфармацыі праваабарончага сайта spring96.org, за ўдзел у акцыі былі затрыманыя Леанід Кулакоў, Арцём Чарняк, Вольга Нікалайчык, былы палітвязень Дзмітрый Паліенка, Анастасія Гусева і Мая Наумава. Паводле інфармацыі жонкі Паўла Севярынца, ноч на 27 лютага ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Чакалася, што на наступны дзень яго будуць судзіць у судзе Фрунзенскага раёна, але гэтага не адбылося. Па стане на раніцу 28 лютага навінаў пра тое, дзе знаходзіцца Севярынец, не было.
belapan.by