Беларускі ПЭН-цэнтр заклікае ўлады спыніць пераслед удзельнікаў акцый



Рада Беларускага ПЭН-цэнтра выказвае глыбокую занепакоенасць у сувязі з адміністратыўным пераследам (арышты і штрафы) удзельнікаў мірных акцый у абарону незалежнасці Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве рады, якая паступіла ў БелаПАН.

„На працягу апошніх двух тыдняў мы з`яўляліся сведкамі разгорнутай кампаніі па прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці удзельнікаў мірных сходаў”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Рада Беларускага ПЭН-цэнтра адзначае, што 26 і 27 снежня ў краіне пракацілася хваля затрыманняў удзельнікаў мірных акцый ў абарону суверэнітэту. Затрыманых судзілі паводле артыкула 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), суды выносілі рашэнні аб штрафах і адміністрацыйных арыштах (ад 5 да 10 сутак).

Павел Севярынец, грамадскі дзеяч і пісьменнік, асуджаны на 15 сутак і аштрафаваны на 50 базавых велічынь (1.275 рублёў).

На 30 снежня прызначаныя суды над членамі ПЭН-цэнтра пісьменнікамі Уладзімірам Някляевым і Уладзімірам Арловым.

Складзены пратакол у дачыненні да ганаровага старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра, перакладчыка, рэдактара, мовазнаўца Лявона Баршчэўскага.

„Рада Беларускага ПЭН-цэнтра выступае супраць парушэння права на свабоду выказвання, бо суды адбываюцца ў тым ліку і за інфармаванне грамадскасці пра акцыі ў сацыяльных сетках”, — адзначаецца ў заяве.

Так, у дачыненні да Аляксея Прохарава (Віцебск) складзены пратакол згодна з часткай 1 артыкула 23.34 КоАП (за заклікі ў інтэрнэце да ўдзелу ў „жывым ланцугу”). Суд Віцебскага раёна вынес рашэнне — 5 базавых велічынь штрафу (127,5 рубля). У Гомелі блогера Сяргея Ціханоўскага (youtube-канал „Краіна для жыцця”) арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі паводле артыкула 23.34 КоАП. У Мінску затрымалі блогера Уладзіміра Цыгановіча (MozgON).

Рада Беларускага ПЭН-цэнтра нагадвае, што суверэнітэт Беларусі з`яўляецца канстытуцыйным падмуркам рэспублікі, выказвае падтрымку ўдзельнікам мірных акцый, а таксама заклікае ўлады „ўстрымацца ад неправавых рашэнняў і прывесці практыку правапрымянення ў адносінах мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі”.

belapan.by