Беларускі ПЭН-цэнтр запатрабаваў неадкладнага вызвалення Алега Сянцова



Беларускі ПЭН-цэнтр заявіў аб далучэнні да кампаніі, арганізаванай ПЭН-клубам (PEN International — міжнародная праваабарончая няўрадавая арганізацыя, якая аб’ядноўвае прафесійных пісьменнікаў, паэтаў і журналістаў) у падтрымку ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, і запатрабаваў яго неадкладнага вызвалення.

„Ён ратуе годнасць кожнага з нас, ён даказвае, як шмат можа адзін чалавек, — заявіла лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2015 года Святлана Алексіевіч. — Пасля яго ўчынку ні ў каго з нас ужо няма права аддавацца адчаю, дазваляць сабе апускаць рукі. Кожны павінен нешта зрабіць для будучыні, інакш мы ўсе зноў апынемся ў мінулым”.

Свет рухаюць ідэалісты і бясстрашная мужнасць ідэалізму. Далёка ззаду засталіся 90-я гады, калі мы думалі, што свабода — гэта свята, зараз мы ведаем, што свабода — гэта доўгі шлях. Алег, жыві! Ты нам патрэбны„, — заклікала Алексіевіч .

Ураджэнец Сімферопаля Алег Сянцоў, якому 13 ліпеня споўнілася 42 гады, вясной 2014 года, пасля анэксіі Крыма Расіяй, быў затрыманы на паўвостраве паводле падазрэння ў тэрарызме. У жніўні 2015 года яго прыгаварылі да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 14 мая гэтага года Сянцоў абвясціў галадоўку, патрабуючы вызвалення з расейскіх турмаў украінскіх палітвязняў. Пры гэтым на сваім вызваленні ён не настойвае.

21 мая ў расійскае пасольства ў Менску быў перададзены зварот да прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, падпісаны больш чым 130 грамадскімі і творчымі дзеячамі Беларусі, з заклікам умяшацца ў лёс Сянцова.  БелаПАН