Беларускі саюз пісьменнікаў назваў пастанову мінкульта палітычнай



Сябры «Саюза беларускіх пісьменнікаў» паводле беларускіх чыноўнікаў — «дармаеды». Міністэрства культуры не ўключыла неафіцыйны саюз пісьменнікаў у пералік творчых арганізацый, сябры якіх вызваляюцца ад аплаты падатку «на дармаедства».

«Такое рашэнне для нас было нечаканым», — пракаментаваў старшыня СБП Барыс Пятровіч.

— Паводле папярэдніх звестак наша арганізацыя якраз уваходзіла ў лік тых творчых аб′яднанняў, сябры якіх не з’яўляюцца «дармаедамі». Мы былі ўпэўненыя ў гэтым, бо было зроблена некалькі акцый з нашага боку і з боку Міністэрства па падатках: мы перадалі ім звесткі пра нашых сяброў з мэтай, каб іх не выклікалі  і не рассылалі ім гэтых «лістоў шчасця». Так яно і было летась, а сёлета, літаральна за дзень да заканчэння тэрміна аплаты падатку 19 лютага, з’явілася гэтая інфармацыя пра пастанову Міністэрства культуры, дзе сярод 13 арганізацый, прызнаных творчымі, нашай не апынулася. Мы лічым, што гэта чарговы падзел на сваіх і чужых, гэта парушэнне Канстытуцыі, бо наша арганізацыя зарэгістравана гэтак жа як і іншыя і мае такія ж юрыдычныя правы як і іншыя арганізацыі. Я не ведаю, па якім прынцыпе Міністэрства культуры дзяліла арганізацыі на «творчыя» і «нятворчыя». Мне вельмі цікава даведацца гэты прынцып: чаму раптам адзін Саюз пісьменнікаў, які гэта жа зарэгістраваны і гэтак жа з’яўляецца грамадскай і творчай арганізацыяй прызнаецца творчай, а другі Саюз — не прызнаецца. Мы звяртаемся да Міністэрства культуры з просьбай патлумачыць гэтую сітуацыю і чым яны кіраваліся, калі дзялілі арганізацыі і просім прыняць справядлівае рашэнне ды вярнуць нашу арганізацыю. Па вялікім рахунку гаворка ідзе не пра акую і вялікую колькасць сяброў: цяпер у нас у арганізацыі 470 сяброў, але з іх пад Дэкрэт №3 падпадаюць толькі некалькі дзясяткаў, бо самі ведаеце, у творчых арганізацыях сярэдні ўзрост блізкі да пенсійнага. Так даўно склалася, і гэта не толькі ў нас, а па ўсёй Еўропе, што большасць творцаў сярэдняга і вышэй за сярэдні ўзросту. Не так шмату ас моладзі, якая трапляе пад гэты закон, бо нідзе не працуе. Таму, выгада тут для дзяржавы мізэрная і навошта было гэта рашэнне прымаць, я не разумею.

РР: Ці Вам не падаецца, што ў гэтым рашэнні павеяла Савецкім Саюзам, дзе таксама няўгодных літаратараў то дармаедамі прызнавалі, то судзілі, ці знаходзілі розныя іншыя рэчы, каб прынізіць творцаў?

— Безумоўна гэтае рашэнне, я б сказаў, мае палітычны і ідэалагічны водар і адсылае нас менавіта да савецкіх часоў, калі, як мы ведаем, адбываліся суды над «дармаедамі», у тым ліку і пісьменнікамі. Той нават знакаміты суд над Іосіфам Бродскім, які нанёс толькі шкоду іміджу савецкай краіны. І я думаю, што гэтае рашэнне беларускіх уладаў таксама ў першую чаргу наносіць шкоду іміджу дзяржавы, якая апошнім часам стала выглядаць больш нібыта еўрапейскай і цягнулася да Еўропы, а гэтае рашэнне адсылае Беларусь якраз назад да тых самых савецкіх часоў. Таму мне падаецца, што таксама і з гэтых прычын варта было б адмяніць гэтую пастанову Міністэрства культуры. А дакладней лепш было б увогуле адмовіцца да Дэкрэта №3, супраць якога сёння паўстала столькі людзей.  

Саюз беларускіх пісьменнікаў мае намер звярнуцца ў Міністэрства культуры з просьбай патлумачыць крытэрыі вызначэння «творчай» і «нятворчай» арганізацыі. Акрамя СБП у спісе так званых «творчых» арганізацый не знайшлося таксама Беларускага Пэн-цэнтру. Напярэдадні закончыўся тэрмін добраахвотнай аплаты падатку «на дармаедства».

Гутарыў Зміцер Косцін. Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Заява Сакратарыята ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»

19 лютага ўступіла ў дзеянне пастанова №7 Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 30 студзеня 2017 года “Аб вызначэнні пераліку творчых саюзаў”, дзе не знайшлося месца для Саюза беларускіх пісьменнікаў – найстарэйшага творчага аб’яднання Беларусі. Сярод заснавальнікаў нашага творчага саюза ў 1934 годзе былі Янка Купала і Якуб Колас, Змітрок Бядуля і Янка Маўр, а ў кіраванні ім удзельнічалі ўсе без выключэння народныя паэты і пісьменнікі Беларусі, у тым ліку Міхась Лынькоў і Аркадзь Куляшоў, Янка Брыль і Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч.

Мы лічым, што неўключэнне Міністэрствам культуры нашай пісьменніцкай арганізацыі ў лік творчых саюзаў мае палітычную афарбоўку і з’яўляецца ганебным крокам, які шкодзіць нацыянальнаму і грамадска-культурнаму развіццю краіны, правакуе міжнародны рэзананс і негатыўна ўплывае на імідж нашай дзяржавы. ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” мае дзесяцігоддзямі пацверджаны высокі міжнародны аўтарытэт, разам з 70 пісьменніцкімі саюзамі краін Еўропы ўваходзіць у Еўрапейскую Пісьменніцкую Раду, з’яўляецца правадзейным сябрам Генеральнай асамблеі Рады пісьменнікаў Балтыі.

Ад імя сяброў найстарэйшай творчай арганізацыі краіны патрабуем перагляду пастановы, прынятай Міністэрствам культуры, і вяртання нашаму грамадскаму аб’яднанню статуса творчага саюза.

20 лютага 2017 г.