Беларускіх грэка-каталікоў падтрымалі ў Ватыкане
Дэлегацыя Беларускай Грэка-Каталіцкая Царквы 12 лістапада 2015 г. прыняла ўдзел ва ўрачыстай літургіі ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане ў свята св. Язафата, біскупа і мучаніка. Яе ўзначаліў пры алтары, дзе змешчаны рэліквіі святога, арцыбіскуп Кірыл Васіль, сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў.
Іерарх асаблівым чынам прывітаў групу грэка-каталіцкіх вернікаў з Беларусі і нагадаў, што “50 гадоў таму, падчас Другога Ватыканскага Сабора, рашэннем св. Яна ХХІІІ, у базыліцы св. Пятра былі складзены мошчы св. Язафата, які на Беларускай зямлі, у Віцебску, прыняў вянец мучаніцтва”. Ён адзначыў таксама, што ўдзел у той урачыстасці браў таксама беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч, 100-годдзе нараджэння якога адзначалася ў мінулым годзе.
“Жадаю перадаць дар нашай братэрскай малітвы і словы нашай духоўнай салідарнасці для ўсіх вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкая Царквы ў Беларусі і ў замежжы. Няхай у Юбілейным Годзе Міласэрнасці праз малітвы свяшчэннамучаніка Язафата Госпад адорыць шчодра вас усіх шматлікімі ласкамі. Няхай дае вам дар мужна ды плённа абвяшчаць Евангелле радасці і міласэрнасці”, – сказаў арцыбіскуп Васіль па-беларуску.
Св. Язафат загінуў мучаніцкай смерцю ў Віцебску ў 1623 г. Яго рэліквіі, знойдзеныя ў 1916 г. у Белай Падляскай, былі перавезены ў Вену, а потым – у базыліку св. Пятра ў Ватыкане, дзе і захоўваюцца зараз.