Беларускія адвакаты падпісалі петыцыю за вызваленне Максіма Знака
174 беларускія адвакаты падпісалі петыцыю за вызваленне Максіма Знака, паведаміў БелаПАН адзін з яго абаронцаў Дзмітрый Лаеўскі.
Паводле яго слоў, дакумент перадалі суддзі Наталлі Дзядковай. „Абаронай была ініцыяваная петыцыя за вызваленне Максіма Знака з-пад варты і спыненні яго крымінальнага пераследу. На дадзены момант петыцыю падпісалі 174 беларускіх адвакаты, што для Беларусі з’яўляецца ўнікальным прыкладам адвакацкай карпаратыўнай салідарнасці”, — адзначыў Лаеўскі.
У петыцыі адвакаты адзначаюць, што Максім Знак пераследуецца за выказванне прафесійнага меркавання.
Чалец прэзідыума КР кандыдат юрыдычных навук адвакат Максім Знак быў затрыманы 9 верасня. Яго абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкула – заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя