Беларускія аптэкі просяць заказваць лекі праз інтэрнэт
Пакуль у Расеі запускаюць дастаўку безрэцэптурных лекаў, у Беларусі найбуйнейшыя аптэчныя сеткі ADEL і «Добрыя лекi» аб’ядналіся і запусцілі адзіную сетку онлайн-заказаў з дастаўкай лекаў у бліжэйшую да карыстача аптэку. Анлайн-браніраванне запрацавала амаль ва ўсіх гарадах краіны.
Больш за 316 аптэк па ўсёй краіне ператвораць у пункты выдачы анлайн-заказаў лекаў, медыцынскіх тавараў і тэхнікі. Тым самым беларускія фармацэўты і правізары плануюць падвысіць бяспеку пакупнікоў.
«Каб скараціць перасоўванне людзей па горадзе, мы прапануем выбраць любую бліжэйшую аптэку абедзвюх сетак. У мэтах бяспекі пакупніку не спатрэбіцца падладжвацца і ехаць у тую аптэку, дзе ёсць патрэбныя лекі. Заказ даставяць у бліжэйшую, каб скараціць рызыкі для яго здароўя, – распавядаюць у ADEL. – Электронная сістэма аўтаматычна сфармуе картку заказу пры анлайн-браніраванні – правізару застанецца толькі націснуць на кнопку, каб прабіць чэк. У большасці аптэк выдзелены спецыяльныя касы для аплаты брані».
Разлічваюць, што гэта ў сярэднім у тры разы падвысіць хуткасць разлікаў за анлайн-заказ і тым самым утрая скароціць час знаходжання ў аптэцы. Пакупніку спатрэбіцца ад 30 секунд у звычайны час і да 2 хвілін у пікавыя гадзіны.
Тэхналогія завецца «Click & Collect» і папулярная на Захадзе. Сістэма браніравання ўбудаваная ў сайт аптэчнай сеткі ADEL. Пасля напаўнення віртуальнага кошыка можна выбраць бліжэйшую аптэку на карце. Так як у асноўнай групе рызыкі старэйшае пакаленне, для іх прадугледжана браніраванне па тэлефоне. Падчас размовы правізар высветліць месцазнаходжанне пакупніка і нават узгодніць час прыбыцця ў аптэку. Супрацоўнік аптэкі будзе чакаць ля спецыяльна выдзеленай касы.
«Пры браніраванні мы просім пакупнікоў у выпадку наяўнага разліку загадзя рыхтаваць суму без рэшты. Лічым гэта адказным стаўленнем да сябе і да навакольных. Асабліва гэта важна, калі ў аптэку прыйшоў пажылы чалавек, які знаходзіцца ў групе рызыкі. Яго бяспека ў тым ліку залежыць ад хуткасці абслугоўвання і часу знаходжання ў замкнёным памяшканні », – адзначаюць у аптэцы.
Беларускае заканадаўства забараняе дастаўку лекаў дадому. У выпадку легалізацыі рынку ў аптэчнай сетцы адказваюць, што гатовыя запусціць ўласныя сэрвісы дастаўкі.
«Ператварыць аптэкі ў пункты выдачы анлайн-бранёю – рашэнне, якое адказвае патрабаванням часу, і мы працягнем развіваць гэты сэрвіс у далейшым. У той жа час усе аптэкі працягнуць абслугоўванне ў стандартным рэжыме. У гандлёвых залах выконваюцца неабходныя санітарна-гігіенічныя патрабаванні, супрацоўнікі забяспечаныя ўсімі сродкамі абароны, а таксама некалькі разоў у дзень праходзяць тэмпературныя тэсты », – тлумачаць правізары.
Паводле прэс-рэлізу
Фота lekoboz.ru