Беларускія арнітолагі спрабуюць аднавіць папуляцыю сіпухі



Надзвычай рэдкі для Беларусі від савы спрабуюць вярнуць арнітолагі. Сіпуха памерамі крыху большая за голуба, мае сэрцападобную форму „тваравага дыска”, вочы чорныя, высокія ногі.

Асаблівы інтарэс да гэтых начных драпежнікаў у тым, што яны маюць прыгожае апярэнне і маюць аселы лад жыцця. А небяспека – гэта рамонты, ацяпленні будынкаў, у якіх яны гняздуюцца.

Кажа Дзмітрый Вінчэўскі:

– Гэта спроба аднавіць папуляцыю, якая ў нас, на жаль, хутчэй за ўсё знікла. Недалёка ад нашых межаў ва Усходняй Польшчы гэты від гняздуе. І  таму мы маем надзею, што калі мы ім прапануем гэтыя гнездавыя скрыні ў тых месцах, якія мы лічым падыходзячымі для гэтага віда, яны змогуць іх з часам засяліць.

Некалькі месяцаў таму актывісты арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны” правялі збор сродкаў талакою, каб зрабіць дзясятак скрыняў, гэтакіх „кватэраў” для імавернага гнездавання сіпух. У Бераставіцкім раёне яны былі ўсталяваныя на паддашах гаспадарчых будынкаў. Спадзяванне, што сіпухі прыйдуць у Беларусь, мае Дзмітрый Вінчэўскі:

– Гэта грошы, якія былі сабраныя падчас краўдфандынгавай кампаніі менавіта для дапамогі сіпухам на захадзе Беларусі. Таму і вешаем гэтыя гнездавыя скрыні для іх.

Дапамогу ва ўсталяванні скрыняў у паддашах гаспадарчых пабудоваў сябрам арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны” аказалі рабочыя з аграмястэчка Алекшыцы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня