Беларускія біскупы адслужылі Імшу для пілігрымаў у Кракаве



Беларускія біскупы адслужылі Святую Імшу для пілігрымаў у Кракаве. Юзэф Станеўскі, Тадэвуш Кандрусевіч ды Алег Буткевіч сустрэліся з беларускаю моладдзю, правялі для іх катэхезу.

Іерархі вельмі пазітыўна ўражаныя маладымі вернікамі, іх энтузіязмам, а таксама хваляць Сусветныя Дні Моладзі.

Дапаможны біскуп гарадзенскай дыяцэзіі Юзэф Станеўскі:

Hа Імшы было каля тысячы асоб, але гэта не ўсе з тых, хто прыехаў. Было і многа перашкодаў, што стаялі на дарозе нашай моладзі, якая хацела тут быць, але ў выніку квет нашай беларускай моладзі моліцца ў Кракаве са Святым Айцом. Тут людзі розных нацыянальнасцяў і розных моваў, але кожны з іх стараецца адзін да другога трапіць: штосьці сказаць, перадаць. Не знаючы нават мовы, выкарыстоўваючы іншыя мовы, а ўсё адно хоча давесці: Я — з Беларусі, альбо з іншай краіны. І менавіта гэтую атмасферу, што пануе сярод моладзі цяпер, на гэтых Сусветных Днях Моладзі, хацелася б завезці з сабой на нашу Радзіму. Каб наша моладзь, бачачы тых, што не вераць або не знайшлі яшчэ дарогі да Бога, менавіта тых, якія чуюць, але не разумеюць, гэтак жа як і тут даказвалі ім: заўважаючы іх, прымаючы іх за сваіх, — каб і яны прынялі гэтую дарогу да Бога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт менска-магілёўскі:

— Бачна, што сюды прыехалі невыпадковыя людзі: шмат ішлі да споведзі, маліліся, а не былі гледачамі перад тэлебачаннем, што глядзяць футбольны ці хакейны матч і толькі крытыкуюць. Яны прыехалі слухаць Слова Божае, падзяліцца сваім досведам, што адчувалася падчас тых сведчанняў, якія былі вельмі глыбокія і добрыя. Тое, што ўсе падтрымлівалі спевы таксама азначае, што яны прыехалі з касцёла, а не з вуліцы. Мяркую, гэта, калі можна так сказаць, моладзевая «смятанка» беларускага Касцёла. Эліта таксама добрае слова. Элітныя дамы, элітныя рэчы, а нам патрэбныя элітныя хрысціяне.

Віцебскі біскуп Алег Буткевіч:

— У такія моманты, на такіх сустрэчах напэўна ёсць моцнае і асаблівае дзеянне Святога Духа. Гэта цяжка нават акрэсліць словамі, але нейкім чынам адчуваецца гэтая сувязь паміж людзьмі, сувязь сэрцаў, якія шчыра і адкрыта шукаюць Бога. Гэта адкрытасць і дазваляе дзейнічаць Святому Духу: перамяняць сэрцы і ўмацоўваць веру гэтых людзей. І тым больш цешыць той факт, што гэта маладыя людзі, гэта тая будучыня нашай краіны, якая тут, праз такія спатканні, ўмацоўвае сваю веру: вучыцца шукаць Бога, вучыцца жыць паводле Божых запаведзяў, а такія сустрэчы ў гэтым вельмі дапамагаюць. А тое, што ў такі няпросты час прыехала такая колькасць маладых людзей сведчыць пра тое, што вера ў Беларусі сапраўды адраджаецца, што яна жыве, што яна моцная.

Біскуп Юзэф Станеўскі:

—Хацелася каб і далей гэтая моладзь, якая потым дойдзе да ўлады ў розных краінах, каб яны памяталі менавіта пра гэтыя дні: што яны былі разам.

РР: Некаторыя пілігрымы, нават з Беларусі, змаглі пабачыць Святога Айца з папскага вакна. Многія казалі, што хочуць каб Папа нарэшце прыехаў і ў Беларусь. Ці мы можам спадзявацца, што Папа Францішак будзе першым.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Святы Айцец, прамаўляючы на Вавэлі да біскупаў, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, дыпламатаў і іншых прысутных, сказаў, што ён першы раз сярэдне-усходняй Еўропе, а потым у сваёй прамове прыгадаў словы святога Яна Паўла ІІ, што Еўропа дыхае двума лёгкімі. Таксама ён прыгадаў пагадненне, якое было падпісана паміж Польскім касцёлам і Маскоўскім патрыярхатам, што ўсё гэта спрыяла развіццю гэтых узаемадачыненняў. Дык у мяне з’явлілася магчыма крамольная думка: у сярэдне-усходняй Еўропе, але ад сярэдняй да ўсходняй адзін крок і гэта — Беларусь. Я з надзеяй успрыняў гэтая словы.

Нагадаем, што ў Кракаве трываюць Сусветныя Дні моладзі, куды з’ехаліся каталікі з усяго свету.

[Not a valid template]

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя,Сусветныя Дні Моладзі, Кракаў

Фота аўтара