Беларускія дэпутаты прапануюць увесці „пасведчанне суайчынніка”
Дэпутаты прапануюць увесці «пасведчанне суайчынніка» для выхадцаў з Беларусі і іх нашчадкаў, якія жывуць за мяжой. Пра гэта паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый Варанецкі. Парламентарыі ўжо накіравалі свае прапановы ва ўрад і Міністэрствы замежных спраў, спорту, культуры, інфармацыі ды іншыя ведамствы. Паводле дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Варшаве Міхаіла Рыбакова, «пасведчанне суайчынніка» – гэта добрая навіна, але яшчэ невядома, як і калі гэта будзе рэалізавана.
– Гэта новая прапанова, інфармацыя пра гэта да нас яшчэ не дайшла, але мы з цікавасцю будзем яе разглядаць. І я спадзяюся, што мы абмяркуем тыя пытанні і з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці. У нас жа ёсць кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пры МЗС, і звычайна, калі ўзнікаюць такія пытанні, то абавязкова праводзяцца кансультацыі з прадстаўнікамі беларускай дыяспары за мяжой.
Дэпутаты ўпэўненыя, што такім чынам атрымаецца акумуляваць на карысць краіны эканамічны, культурны патэнцыял суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя