Беларускія Дзяды ў Варшаве



Арганізацыя «Беларуская Нацыянальная Памяць» правяла ў Варшаве акцыю наведвання магіл выбітных беларусаў і людзей, звязаных з Беларуссю. Нягледзячы на дождж, беларусы прыйшлі ўшанаваць іх памяць.

dscf5691

Пра лёсы славутых і незаслужана малавядомых асобаў распавёў Анатоль Міхнавец.

– Мы прыйшлі на магілы выбітных беларусаў, запалілі знічы. На Павонзкіх могілках сотні магілаў людзей, звязаных з Беларуссю. Першай традыцыйна мы наведалі магілу Станіслава Манюшкі, пазней наведалі магілу нарачонай Кастуся Каліноўскага Марыі Ямант, выбітнага фатографа Яна Булгака. Далей – магілы журналіста Адама Плуга, этнографа Міхала Федароўскага, літаратара Вінцэнта Каратынскага, ушанавалі памяць Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча і Чэслава Немана ды іншых, каб памяць пра іх жыла і не памірала.

Анатоль Міхнавец распавёў, што іншыя сябры «Беларускай Нацыянальнай Памяці» ушаноўваюць магілы выбітных беларусаў у розных гарадах.

– У Кракаве нашыя сябры наведаюць магілу Алеся Гаруна, у Шчэціне – магілу Антона Сокала-Кутылоўскага, вядомага кіраўніка Слуцкага паўстання. Нашыя сябры з Беластоку наведаюць магілы Веры „Нязломнай” і Язэпа Булак-Булаховіча.

«Беларуская Нацыянальная Памяць» ладзіць беларускія Дзяды ў Польшчы ўжо 10 гадоў. Анатоль Міхнавец лічыць, што шукаць магілы беларусаў і людзей, заслужаных для Беларусі, а таксама шанаваць іх памяць – абавязак беларусаў за мяжой.

dscf5679

Ля магілы Марыі Ямант – нарачонай Кастуся Каліноўскага.

dscf5681

Ля магілы Адама Плуга – польскага і беларускага пісьменніка, публіцыста, сябра У.Сыракомлі.

dscf5683

dscf5684

Магіла Мечыслава Карловіча – кампазітара і дырыжора, фатографа і публіцыста.

dscf5690

Ля магілы Чэслава Немэна (Выдрыцкага), выбітнага музыкі, кампазітара і спевака з Гарадзеншчыны.

Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара