Беларускія грэка-каталікі маюць новага святара
Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква мае яшчэ аднаго святара – айца Аляксея Філіпенку. У мінулую нядзелю ў Кастамлотах святарскае пасвячэнне на просьбу Апостальскага візітатара для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека ўдзяліў дапаможны біскуп Перемышлянска-Варшаўскай архідыяцэзіі Яўген Паповіч.
Айцец Аляксей Філіпенка паходзіць з менскай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Мае жонку Вікторыю і сына Цімафея.
Беларускае Радыё Рацыя паразмаўляла з новапрэзбітарам пра ягоны шлях да веры і святарства.
РР: Айцец Аляксей, як Вы сталі грэка-каталіком? Якая гісторыя вашага прыходу да Царквы?
Айцец Аляксей Філіпенка: Гісторыя навяртання на хрысціянства ўвогуле, а на грэка-каталіцтва ў прыватнасці пачалася ў 90-ых гадах, калі Савецкі Саюз ужо распаўся, а новага яшчэ ніхто не пабудаваў. Тады было адраджэнне хрысціянства ў Беларусі і на ўсёй постсавецкай прасторы.
Так здарылася, што я аднойчы прачытаў Евангелле. Евангелле мяне вельмі закранула, паказала мне шлях, як можна жыць па-іншаму, без камуністычных ідыялаў. І вось я пачаў шукаць Бога. Першае, што патрапіла, гэта зразумела, Праваслаўная Царква, а менавіта – катэдра на Нямізе. Я пачаў туды хадзіць спантанна, па пятніцах, па 20 хвілін, колькі спіна вытрымлівала там стаяць. Так я хадзіў некалькі месяцаў. А пасля мой сябра, які быў вельмі актыўны, можна сказаць, палітычны дзеяч, быў грэка-каталіком. Ён запытаўся ў мяне, ці я лічу сябе хрысціянінам, веруючым хрысціянінам. Я кажу, што так, лічу. Далей ён запытаўся: ты посціш, ты молішся зранку і ўвечары, ходзіш на нядзельныя службы? Я здзівіўся, што гэта трэба, я толькі ведаў, што я хаджу рэгулярна па пятніцах. Сябра мне сказаў, што калі гэтага няма, то твая вера слабаватая. Я сказаў, што хачу моцную веру. Ён спытаўся ў мяне, якой я канфесіі. Праваслаўны. Ён кажа, а чаго ты праваслаўны? Кажу, як усе. Сябра тады запрасіў мяне да грэка-каталікоў, прыходзь, кажа, паглядзіш, хто мы, як мы молімся.
Гэта быў 1993 год. У 90-ых гадах было мноства сектаў, і для мяне было важна, каб тая рэлігійная плынь, пра якую ён мне кажа, не была маладзёвай сектаю.
Я пайшоў спачатку ў праваслаўную катэдру, там памаліўся, паслухаў прыгожыя спевы, пастаяў перад іконамі, і пасля набраўся смеласці ды пайшоў да гэтых грэка-каталікоў, якія ў той час маліліся ў гандлёвых радах, 200 метраў ад катэдры. Заходжу туды. Невялічкі пакойчык, недзе 5 на 10 метраў, і бачу: стаіць некалькі бабулек і адзін дзядуля. Стала ясна, што гэта дакладна не секта. Службу вядзе святар, пазней я даведаўся, што гэта быў айцец Ян Матусевіч. Акрамя гэтага, спевы былі падобныя да праваслаўных, іканастас, алтар. Я пачуў першы раз тады казань. І гэта мяне ўсё так уразіла, што вось Бог блізка, святар блізка, прамаўляе да людзей. Гэта мяне прымусіла спыніцца на гэтай веры, на гэтай супольнасці.
РР: Ці грала ролю ў Вашым выбары тое, што службы ў грэка-каталікоў вядуцца па-беларуску?
Айцец Аляксей Філіпенка: 90-ыя гады – гэта часы адраджэння. Бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня былі дзяржаўнымі сімваламі. Тое, што была беларуская мова – гэта натхняла.
РР: Калі Вы адчулі, што хочаце пайсці ў семінарыю і стаць святаром?
Айцец Аляксей Філіпенка: Пачуццё стаць святаром і шлях да святарства – гэта трохі розныя рэчы. Пачуццё ў мяне было адразу пасля школы. Я сабе ўяўляў, як буду ўздымаць чашу і казаць “падыходзьце са страхам і любоўю”. Я ўяўляў, як буду спавядаць. Але гэта ўсё былі толькі ўяўленні. Розум падказваў мне, што зараз я не пайду, гэтым займацца не буду. Пэўным чынам гэта страшна, станавіцца святаром Бога. Казаць, што я варты гэтага паклікання – сябе ўзвышаць. Баючыся, што я не варты гэтага паклікання, што гэта вельмі страшна, вырашыў усё ж такі пайсці атрымаць спачатку свецкую адукацыю. Бо свецкая адукацыя яна больш канкрэтная, вядома, чым ты будзеш займацца, да чаго яна вядзе. Я паступіў у Сахараўскі ўніверсітэт (Міжнародны дзяржаўны экалагічны ўніверсітэт імя А.Д.Сахарава – РР) і скончыў яго. Пасля працаваў па размеркаванні, служыў год у войску. Але неяк мяне больш цягнула да працы з людзьмі. Сумяшчаючы працу, я пачаў вучыцца на псіхолага. Было два гады перападрыхтоўкі, таксама атрымаў дыплом, і пэўны час працаваў псіхолагам у школе.
У той час якраз быў 2005 год. У красавіку памёр Папа Ян Павел ІІ. У той жа ж час я зразумеў, што ў школе я не магу працаваць далей, стала зразумела, што будучыні без святарства ў мяне няма. Я падаў заяўку ў семінарыю. Школу скончыў у 1995, і толькі праз 10 гадоў у 2005 вырашыў паступіць у семінарыю.
У семінарыі таксама не ўсё проста было, што паступіў у семінарыю і вось – святар. Семінарыя – гэта час для ўзмацнення свайго паклікання, да зразумення свайго месца ў службе ў Царкве. 6 гадоў я вучыўся ў семінарыі. Пасля яе заканчэння год працаваў у грэка-каталіцкіх парафіях, а менавіта ў Маладэчне. У той жа ж час я цудоўным чынам сустрэў маю жонку, якая паходзіць з Глыбокага.
Праз год пасля таго, як мы пажаніліся, адбыліся мае паддыяканскія пасвячэнні, пазней – дыяканскія. У Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве заведзена так, што дыяканы маюць свецкую працу. Увесь гэты час да святарскіх пасвячэнняў я працаваў на будоўлі. У суботу і нядзелю служыў у царкве як дыякан.
РР: Як Вы цяпер сябе адчуваеце як святар?
Айцец Аляксей Філіпенка: Што датычыць маіх адчуванняў, то яны былі найбольшыя перад пасвячэннямі, у часе рэкалекцый у Шуміліне я адчуў, што Гасподзь прымае мяне ў свае абдымкі як брат, як сябра. Цяпер у мяне нейкае незвычайнае адчуванне: я разумею, што мяне Бог пасылае. Зараз я іду выконваць ужо абавязкі. Кліча мяне, кажа: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына і Духа Святога.”
[Not a valid template]
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара