Беларускія і ўкраінскія пагранічнікі зацвердзілі планы ўладкавання мяжы



Беларускія і ўкраінскія пагранічнікі зацвердзілі планы ўладкавання мяжы. Дакументы былі падпісаныя паводле вынікаў рабочай сустрэчы дэлегацый на чале з намеснікамі галоўных пагранічных упаўнаважаных — першага намесніка старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Ігара Буткевіча і першага намесніка старшыні Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Васіля Сервацюка. Перамовы адбыліся 1 сакавіка ў Берасцейскай вобласці.

Як паведамляе Дзяржпагранкамітэт, удзельнікі мерапрыемства абмяняліся планамі і перспектывамі супрацоўніцтва памежных ведамстваў, абмеркавалі парадак узаемадзеяння пры правядзенні дэмаркацыйных работ на сумесным участку мяжы, у прыватнасці ў раёнах зон адчужэння Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

Кіраўнікі дэлегацый адзначылі рост эфектыўнасці аховы беларуска-ўкраінскай мяжы падчас сумесных пагранічных аперацый, якія праводзяцца на рэгулярнай аснове.

Вынікам рабочай сустрэчы стала падпісанне плана скаардынаванага інжынерна-тэхнічнага абсталявання беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы, плана сумеснай спецыяльнай памежнай аперацыі „Палессе-2019” і дакумента аб парадку ўзаемадзеяння пагранічных упаўнаважаных Беларусі і Украіны пры правядзенні дэмаркацыйных работ на дзяржаўнай мяжы.

24 верасня 2018 года Аляксандр Лукашэнка паведаміў аб прынятым рашэнні ўмацаваць мяжу з Украінай. „Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёння бяды для Беларусі, і ў тым ліку зброі перапраўляецца. Мы павінны закрыць мяжу. Але не для прыстойных людзей, а для бандытаў, для тых, хто вязе зброю”, — сказаў ён.

5 кастрычніка кіраўнік Дзяржпагранслужбы Украіны Пётр Цыгікал абверг інфармацыю беларускага боку аб павелічэнні колькасці зброі, якая нібыта незаконна перапраўляецца ў Беларусь з Украіны.

8 кастрычніка Лукашэнка, сустракаючыся ў Менску з экс-прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам, зноў выказаў занепакоенасць у сувязі з прытокам зброі з Украіны. „Мы ні ў якім разе не хочам умешвацца ў падзеі ва Украіне. Груба кажучы, гэта не наша справа, калі нас не просяць. Хоць, шчыра скажу, уплыў падзей ва Украіне на нас вельмі вялікі. Асабліва нас турбуе прыток зброі цераз украінскую мяжу. Вельмі шмат мы канфіскоўваем зброі”, — сказаў ён.

belapan.by

Фота tut.by