Беларускія лекары працуюць над атрыманнем імунаглабуліну-антыковіда
У Беларусі вядзецца праца над атрыманнем спецыфічнага імунаглабуліну-антыковіда, паведаміў галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па трансфузіялогіі, дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка 9 чэрвеня падчас анлайн-брыфінгу, прымеркаванага да Сусветнага дня донара крыві (14 чэрвеня).
Паводле яго слоў, у цэнтры ўсім пастаянным донарам крыві прапануецца здаць аналіз на антыцелы да COVID-19. «У далейшым, калі ўдасца сабраць дастатковую колькасць імуннай плазмы – каля 50-60 літраў, можна паспрабаваць вырабляць з яе спецыфічны антыковідны імунаглабулін. Яго можна будзе ўводзіць унутрацягліцава ці ўнутравенна, і ён будзе працаваць практычна як плазма», – растлумачыў Карпенка.
З красавіка плазму крыві з антыцеламі да COVID-19 здалі ўжо больш за 250 чалавек, якія перахварэлі на каронавірус, паведаміла намеснік дырэктара па трансфузіялогіі цэнтра Ларыса Гушчына.
Яна падкрэсліла, што некаторыя здавалі плазму тры-чатыры разы, зроблена больш за 300 данацый. «96-97% донараў імуннай плазмы ніколі раней донарамі не былі, – адзначыла Гушчына. – Мы пачалі праводзіць скрынінг крыві на антыцелы да COVID-19 у нашых пастаянных донараў. Антыцелы мы знаходзім прыкладна ў 10% з іх. Гэта тыя донары, якія перахварэлі бессімптомна, не ляжалі ў лякарні».
Імунную плазму ўжо атрымалі каля 200 рэцыпіентаў па ўсёй краіне, паведаміла намеснік дырэктара РНПЦ. «У 70% пацыентаў, якім пералілі плазму з антыцеламі, мы бачым станоўчы эфект, – сказала яна. – На сёння ў РПНЦ ёсць у наяўнасці каля 150 доз імуннай плазмы ўсіх груп і рэзусаў. Мы працуем у цеснай звязцы з клініцыстамі і гатовыя аказаць дапамогу. Але трэба разумець, што гэтая плазма не можа здзейсніць цуд – патрэбны комплекс мер, накіраваных на барацьбу з інфекцыяй».
Плазму з антыцеламі да каронавірусу таксама пачалі нарыхтоўваць у абласных цэнтрах трансфузіялогіі.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, 9 чэрвеня колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 50.265, памерла 282 чалавекі.