Беларускія партызаны супраць гвалту і хлусні



На Лепельшчыне падтрымалі Вольгу Хіжынкову, а ў Глыбокім выказаліся за свабоду слова і новыя сумленныя выбары.

Грамадскія актывісты, якія нязгодныя з гвалтам, хлуснёй і з тым, што адбываецца цяпер у краіне з боку існуючай улады, усялякімі дзеяннямі імкнуцца выказаць сваё стаўленне да гэтага. Калі раней у невялікіх гарадах Віцебшчыны, такіх як Глыбокае, Лепель, Паставы ды іншых, ладзіліся розныя шматлікія акцыі з удзелам вялікай колькасці народа, то зараз яны маюць кропкавы характар. З-за таго, што ўлады моцна ціснуць на людзей і працягваюць іх пераследаваць, пратэсты займелі партызанскі характар. Людзі ўжо каторы месяц працягваюць змагацца і выказваць незадаволенасць, але робяць гэта больш асцярожна. Калі фатаграфуюцца, то ўжо хаваюць свае твары, каб вылічыць іх міліцыянтам было даволі складана. Або вывешваюць бел-чырвона-белыя сцягі ў розных месцах ці фарбуюць іх на платах, дрэвах, дарожках.

Так  выглядалі   сметніцы ў раёне ЖКГ  у Глыбокім некалькі тыдняў таму

Праяўляюць людзі і іншы крэатыў. Шмат з іх асабліва нязгодныя з тым, якую хлусню і прапаганду паказваюць і друкуюць дзяржаўныя СМІ. Да гэтага беларускія  сучасныя партызаны таксама выказваюць сваё стаўленне. Але, трэба зазначыць, што ўлады, камунальнікі, МНС і міліцыя рэагуе на гэта вельмі хутка. Яны так добра не ацэньваюць крэатыў беларускіх партызанаў, як просты народ,  замалёўваюць напісаныя  пасланні і здымаюць гістарычныя нацыянальныя сцягі.

Таксама актывісты вывешваюць сцягі ў найбольш бачных месцах, як гэта зрабілі, напрыклад, на воданапорнай вежы ў вёсцы Пышна Лепельскага раёна.

У Глыбокім бел-чырвона-белы сцяг быў вывешаны на адным з самых высокіх месцаў горада – могілках “Копцеўка”. Ён лунаў на дрэве каля вежы ў гонар польскай Канстытуцыі перад каталіцкім Задушным днём.

Цяпер у Беларусі  існуе вялікая людская салідарнасць з  тымі, хто пацярпеў ад уладаў. Лепельскія актывісты, напрыклад, падтрымалі зямлячку, вядомую мадэль і пераможцу конкурсу “Міс-Беларусь-2008” Вольгу Хіжынкову. Яна нарадзілася 22 лістапада 1986 года ў вёсцы Забароўе Лепельскага раёна ў сялянскай сям’і. Вользе за ўдзел  у акцыях пратэсту ўлады далі агулам 27 сутак арышту.

Пісалі людзі і пасланні міліцыянтам, якія пераследавалі людзей і складалі на іх пратаколы. Найбольш такіх надпісаў было ў Глыбокім у раёне ПЭСа.

Такім чынам цягнецца так званая беларуская партызанская вайна ўжо некалькі месяцаў, і чым яна скончыцца – невядома.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота чытачоў і з сацыяльных сетак