Беларускія пілігрымы вярнуліся з еўрапейскай сустрэчы Tэзэ
Гэта была 37-ая сустрэча, якая сабрала ў Празе 30 тысяч гасцей з 65 краін свету.
Галоўнай тэмай супольных малітваў быў мір ва Украіне і прымірэнне Захаду з Усходам. Кажа грэка-каталіцкі святар з Полацка Алесь Шаўцоў.
– Адна з мэтаў гэтых сустрэчаў Тэзэ, якія праходзяць у розных гарадах Еўропы, – гэта тое, што нас яднае – мы хрысціяне. Для мяне асабіста маленне медытацыйнае не з’яўляецца складанасцю. Для некаторых маладых людзей, асабліва з традыцыйных супольнасцей, магчыма, гэта было новым. Але гэта не значыць, што яно стварала пэўныя перашкоды.
Шлях беларускіх пілігрымаў на сустрэчу Тэзэ пралягаў па абшарах місійнай дзейнасці апосталаў славян – святых братоў Кірылы і Мяфодзія. Гэта паўднёвая Польшча, Славакія, Вугоршчына ды Чэхія. З Беларусі на сустрэчы Тэзэ было паўтары тысячы маладых вернікаў на 30 аўтобусах.
У Празе ўзгадалі і Францішка Скарыну, які пераклаў для свайго народа Біблію. Паводле айца Алеся Шаўцова, беларуская мова гучала сярод іншых моваў на кожнай малітоўнай сустрэчы.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара