Беларускія працоўныя мігранты пераарыентаваліся з Расеі на Польшчу



За апошнія гады Польшча стала значна больш прывабнай для беларускіх працоўных мігрантаў, заявіў аналітык арганізацыі EAST Center Андрэй Елісееў падчас дыскусіі „Адносіны Беларусі і Польшчы ў зменлівай геапалітычнай сітуацыі”, што адбылася ў Менску ўвечары 5 кастрычніка.

Елісееў падкрэсліў, што яшчэ пяць гадоў таму ў беларускіх гарадах аб’явы аб працы ў Польшчы былі вялікай рэдкасцю, а цяпер яны сустракаюцца нават ва ўсходніх рэгіёнах — Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Паводле слоў эксперта, аналіз пошукавых запытаў у беларускім сегменце інтэрнэту сведчыць, што працу ў Польшчы грамадзяне Беларусі зараз шукаюць у некалькі разоў больш актыўна, чым у Расіі, чаго не назіралася да 2016 года.

Згодна са звесткамі EAST Center, у 2018 годзе польскі бок выдаў беларусам прыблізна 40 тысяч працоўных віз. Пры гэтым Елісееў звярнуў увагу на больш як дзесяціразовы рост колькасці запрашэнняў, накіраваных грамадзянам Беларусі ад працадаўцаў з Польшчы. Калі ў 2015 годзе было накіравана прыблізна 5,6 тысячы запрашэнняў, то ў 2017-м — прыкладна 58 тысяч. Сярод іх жанчынам накіраваныя толькі прыблізна 15%.

„Тыповы партрэт беларускага работніка ў Польшчы — гэта мужчына 26—40 гадоў, заняты ў транспартнай галіне або будаўніцтве, які працуе ў Варшаўскім рэгіёне ці Гданьску”, — паведаміў Елісееў. Эксперт звярнуў увагу, што гэта тая ж катэгорыя, якая раней найбольш актыўна шукала працу ў Расеі.

belapan.by

Фота greenbag.ru