Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі 15 затрыманых па „справе tut.by”



 Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зняволенымі 15 затрыманых па „справе tut.by”, гаворыцца ў іх сумеснай заяве, якая апублікавана на праваабарончым сайце spring96.org.

Палітвязнямі прызнаныя генеральны дырэктар ТАА „ТУТ БАЙ МЕДИА” Людміла Чэкіна, намеснік генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека, намесніца дырэктара Ірына Рыбалка, галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава, рэдактар Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова, галоўны бухгалтар Анжэла Асад, намесніца галоўнага бухгалтара Марыя Новік, галоўны інжынер Ала Лапатко, менеджар Андрэй Аўдзееў, дыректар Hoster.by Сяргей Павалішаў, дырэктар Rocket Data, TAM.BY Дар’я Данілава, якія ўтрымліваюцца пад вартай, а таксама удава заснавальніка tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская, юрыст tut.by Кацярына Ткачэнка і былая юрыст Ірына Касцючэнка, якія знаходзяцца пад хатнім арыштам.

Праваабаронцы нагадалі, што 18 траўня дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю прыйшоў з ператрусамі ў рэдакцыю, да рэгіянальных структур, да журналістаў і рэдактараў tut.by. Ператрусы таксама адбыліся ў рэдакцыях структурных падраздзяленняў кампаніі — av.by, rabota.by. Амаль адначасова Міністэрства інфармацыі на падставе паведамлення Генпракуратуры абвяжавала доступ да парталу tut.by і яго копій.

У той жа дзень ДФР КДК заявіў аб распачатай крымінальнай справе ў дачыненні да службовых асоб кампаніі па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

„Мы, ніжей падпісаныя арганізацыі, лічым гэтыя факты працягам наступу на свабоду слова, — адзначана ў заяве. — Спасылкі ўладаў на эканамічныя парушэнні, якія нібыта сталі падставай для пераследу, ужо шмат гадоў актыўна выкарыстоўваюцца дзеля абгрунтавання рэпрэсіўных захадаў супраць праваабаронцаў, медыя, незалежных прафсаюзаў. У тым ліку ў мінулыя гады па палітычна матываваным абвінавачанні ва ўхіленні ад падаткаў у Беларусі былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці старшыня праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі, лідар незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, кіраўнік інфармацыйнай агенцыі БелаПАН Алесь Ліпай ды іншыя”.

Праваабаронцы звярнулі ўвагу, што гэта „не першыя спробы ціску на найбуйнейшы і папулярны беларускі інфармацыйны партал”. „У жніўні 2018 года некалькі рэдактараў tut.by трапілі пад крымінальны пераслед па так званай „справе БелТА”, на пачатку 2019 года галоўны рэдактар партала Марына Золатава была па гэтай справе асуджаная. Напрыканцы 2020 года партал tut.by пазбавілі статусу СМІ, неаднойчы на яго адрас з боку службовых асоб гучалі пагрозы заблакаваць дзейнасць”, — нагадалі яны.

„Мы лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў найбуйнейшага і папулярнага ў краіне інфармацыйнага рэсурсу з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад”, — падкрэслена ў дакуменце.

З улікам акалічнасцяў, праваабаронцы прыйшлі да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу згаданых вышэй асобаў з’яўляюцца „палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару іх публічнай супольнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у складзе рэдакцыі партала tut.by у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі”.

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў неадкладна вызваліць 15 затрыманых па „справе tut.by”, адмовіцца ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання, а таксама спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітвязняў.

Заяву падпісалі пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі дакументацыйны цэнтр, арганізацыі „Прававая ініцыятыва”, „Хьюман канстанта”, „Ініцыятыва FORB”.

На гэты момант у Беларусі налічваецца 421 палітычны зняволены.

belapan.by