Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 15 чалавек



Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 15 чалавек, гаворыцца ў сумеснай заяве, апублікаванай на праваабарончым сайце spring96.org.

Палітвязнямі прызнаныя асуджаныя паводле ч. 1 арт. 309, ч. 1 і 2 арт. 339 КК Яўген Комбуль (5 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму), ч. 1 арт. 309 і ч. 2 арт. 339 КК — Сяргей Сіліч і Максім Сілюк (4 і 2,5 года адпаведна), ч. 2 арт. 339 КК — Максім Пыцель (3 гады), Сяргей Красоўскі і Вольга Сыраватка (па 2 гады), Уладзімір Кацюбка (1,5 года), Наталля Барынава і Аліна Муратава (па 1 годзе).

Акрамя іх палітычнымі зняволенымі прызнаныя асуджаныя паводле ч. 1 арт. 14 і арт. 309 КК Сяргей Богдан і Уладзімір Ланкевіч (па 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму), арт. 309 КК — Віктар Іванцоў (2 гады), ч. 1 арт. 309 КК — Сяргей Розум (2 гады), арт. 14 і арт. 309 КК — Сяргей Шабуня і Павел Федукевіч (абодва на 1 год 9 месяцаў).

Справа Марыны Сілёнак, прыгаворанай да 1,5 года абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу паводле ч. 2 арт. 339 КК, прызнаная палітычна матываванай, але палітзняволенай яна пачне лічыцца, калі яе адправяць адбываць пакаранне.

Праваабаронцы патрабуюць спыніць крымінальны пераслед і неадкладна вызваліць Муратаву, Барынаву, Красоўскага, Сыраватку, Кацюбку, Пыцеля.

Яны таксама патрабуюць перагледзець прысуды Комбулю, Сілічу, Сілюку, Богдану, Ланкевічу, Іванцову, Розуму, Шабуню, Федукевічу „пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд”, і вызваліць іх „з ужываннем іншых мер стрымання, якія забяспечваюць яўку ў суд”.

Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці настойваюць на неадкладным вызваленні ўсіх палітвязняў і спыненні палітычных рэпрэсій супраць грамадзян краіны.

Заяву падпісалі пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, арганізацыі „Прававая ініцыятыва”, „Хьюман канстанта” і „Ініцыятыва FORB”.

Цяпер у Беларусі налічваецца 451 палітвязень.

belapan.by