Беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ пяць чалавек



Беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ пяць чалавек, гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце spring96.org.

Палітвязнямі прызнаныя Арцём Кандрацьеў і Руслан Валюк (адпаведна паўтара і два гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу паводле арт. 188 Крымінальнага кодэкса), Сяргей Рудзінскі (паўтара года абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу паводле арт. 369 КК), Дзмітрый Лукашэвіч (пад вартай, абвінавачваецца на падставе арт. 368 і ч. 2 арт. 339 КК), Андрэй Шарэнда (пад хатнім арыштам, абвінавачваецца паводле артыкулаў 368 і 361 КК).

Праваабаронцы лічаць пераслед і пазбаўленне волі гэтых грамадзян палітычна матываваным і патрабуюць ад уладаў неадкладна іх вызваліць. Яны таксама патрабуюць дэкрыміналізаваць дыфамацыйныя правапарушэнні і адмяніць артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за „абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асоб”, спыніць усе раней распачатыя згодна з гэтымі артыкуламі справы.

Акрамя таго, праваабаронцы настойваюць на неадкладным вызваленні ўсіх палітвязняў і спыненні палітычных рэпрэсій супраць грамадзян краіны.

Заяву падпісалі пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі дакументацыйны цэнтр, арганізацыі „Прававая ініцыятыва” і „Ініцыятыва FORB”.

Такім чынам, цяпер у Беларусі 454 палітвязні.

Даведка БелаПАН. Артыкул 188 Крымінальнага кодэкса — распаўсюджванне заведама ілжывых звестак, якія ганьбяць іншую асобу (паклёп), у публічным выступленні, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, СМІ, інтэрнэце, <…> альбо паклёп, што ўтрымлівае абвінавачанне ў здзяйсненні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства;

339 КК — хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асоб, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання (злоснае хуліганства);

361 КК — заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі;

368 КК — абраза прэзідэнта Беларусі;

369 КК — публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ёю службовых абавязкаў.

belapan.by