Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ двух чалавек
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі Вячаслава Кандыбу і Рамана Марозава, абвінавачваных у перадачы дадзеных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў тэлеграм-каналу.
Кандыба і Марозаў узятыя пад варту ў СІЗА па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (дапамаганне ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай непрыязнасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб).
У сумеснай заяве, апублікаванай на сайце пазбаўленага дзяржрэгістрацыі цэнтра „Вясна”, праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі перагледзець прынятыя ў дачыненні да абвінавачваных меры і працэсуальныя рашэнні „пры выкананні права на справядлівы разбор і ўстараненні фактараў, якія паўплывалі на рашэнне аб меры стрымання”, а таксама неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Як падкрэслілі праваабаронцы, на дзеянні абвінавачваных паўплывалі немагчымасць свабодна выказваць меркаванне, адсутнасць расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяр жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараванне ў здольнасці ўладаў спыніць беззаконне.
На думку праваабарончай супольнасці, крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай непрыязнасці або варожасці (арт. 130 КК) выкарыстоўваецца следствам і судамі „селектыўна і дыскрымінацыйна”, „выключна для абароны інстытутаў улады”. „Прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным”, — гаворыцца ў заяве.
Таксама праваабаронцы падкрэслілі неабгрунтаванасць прымянення ўтрымання пад вартай у дачыненні да апанентаў улады — „пры адсутнасць дастатковых падстаў для прымянення меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду”.
Па стане на 6 верасня, палітвязнямі ў Беларусі прызнаныя 659 чалавек.
БелаПАН