Беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ 20 чалавек
Яшчэ 20 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Адпаведная сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі апублікаваная на сайце spring96.org.
Палітвязнямі прызнаныя Мікіта Ганчароў, Уладзімір Гарох, Максім Зіневіч, Міхаіл Калішук, Антаніна Канавалава, Іван Красоўскі, Ілья Мігно, Віктар Шаўра, Ганна Сунгурава, Тамаз Піпія, Цімур Піпія, Расціслаў Стэфановіч, Арцём Касакоўскі, Дзяніс Марусевіч, Марк Салоннікаў, Ілья Паланянкін, Марына Глазава, Яўген Каханоўскі, Аляксандр Кісялёў і Андрэй Расулаў, якія абвінавачваюцца паводле арт. 293 (масавыя беспарадкі) і арт. 342 (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса.
Праваабаронцы лічаць выстаўленне названым людзям абвінавачання „палітычна матываваным пераследам у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.
„Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, — адзначаецца ў заяве. — Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб. Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя”.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што сходы грамадзян мелі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы нацыянальнай або грамадскай бяспецы. „Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі, — гаворыцца ў заяве. — Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат”.
Таксама праваабаронцы адзначаюць, што дэманстранты не здзяйснялі дзеянняў, прадугледжаных артыкулам 293 КК, адпаведна, іх дзеянні не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. „Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам, — гаворыцца ў заяве. — Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі”.
Аўтары заявы патрабуюць ад уладаў неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў у краіне, а таксама грамадзян, якія былі затрыманыя „ў сувязі з ажыццяўленнем свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд”.
Праваабарончая супольнасць заклікае „спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны”.
Раней праваабарончы цэнтр „Вясна” паведаміў, што з пачатку прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі распачата больш за 300 крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў выбараў і пратэстаў, 74 чалавекі прызнаныя палітвязнямі. З улікам сённяшняй заявы праваабарончай супольнасці колькасць палітзняволеных у Беларусі вырасла да 94.