Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ двух чалавек



Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі яшчэ двух чалавек — Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка. Адпаведную заяву праваабарончай супольнасці размешчана на сайце spring96.org.

Такім чынам, колькасць палітвязняў у Беларусі павялічылася да 226.

Як адзначаюць праваабаронцы, Лазавік быў затрыманы ў верасні па падазрэнні ў дачыненні да нанясення пратэстных надпісаў 12 жніўня на прыпынку ў Горках (Магілёўская вобласць). Крымінальная справа першапачаткова была распачатая на падставе арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Пад ціскам следчых, заяўляюць праваабаронцы, Лазавік прызнаўся, што мае дачыненне да нанясення надпісаў, але, калі 29 кастрычніка адмовіўся запісаць відэа з раскаяннямі, пракуратара перакваліфікавала абвінавачванне на ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства).

Віктар Лосік абвінавачваецца ў тым, што павесіў на мосце пудзілы з фотаздымкамі міністра ўнутраных спраў і старшыні выбарчай камісіі Хацежынскага ўчастка для галасавання з надпісам „Не забудзем, не прабачым!”, а таксама ў нанясенні малюнкаў з гербам „Пагоня” на будынках і апорах моста. Ён быў затрыманы 7 снежня і знаходзіцца ў СІЗА Жодзіна. Яго абвінавачваюць ва ўчыненні злачынстваў па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства) і арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Праваабаронцы лічаць, што нанясенне надпісаў і размяшчэнне пудзілаў „сведчаць аб іх відавочна пратэстным змесце”. „Як вынікае з паказанняў саміх затрыманых, мэтай учынкаў было выказванне свайго пратэсту і нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Такім чынам, гэтыя дзеянні нельга кваліфікаваць як хуліганства”, — гаворыцца ў заяве.

Нанясенне малюнкаў з гербам „Пагоня”, афіцыйна прызнаным гісторыка-культурнай каштоўнасцю, таксама „не можа быць кваліфікаванае як апаганьванне збудаванняў надпісамі цынічнага зместу” і не адпавядае арт. 341 КК, заяўляюць праваабаронцы.

„Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання трапляе пад абарону Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі”, – гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы лічаць пазбаўленне волі Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка палітычна матываваным і патрабуюць іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты, як і ўсіх іншых палітвязняў у краіне.

belapan.by