Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ пяць чалавек



Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ пяць чалавек, гаворыцца ў сумеснай заяве, апублікаванай на праваабарончым сайце spring96.org.

Палітвязнямі прызнаныя чатыры грамадзяніны Беларусі і адзін расіянін, абвінавачваныя або прызнаныя вінаватымі ў абразе прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі) і дзяржаўных сімвалаў: Руслан Ліннік (узяты пад варту, абвінавачваецца паводле арт. 369 КК), Віктар Царыкевіч (год пазбаўлення волі паводле ч. 1 і 2 арт. 339 і арт. 369 КК), Ігар Капанайка (паўтара года пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 339 і арт. 369 КК), Ян Рымараў (два гады абмежавання волі паводле арт. 369 КК), Юрый Касцюк (год абмежавання волі паводле арт. 370 КК).

Такім чынам, у краіне цяпер налічваецца 263 палітвязні.

„Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Руслана Лінніка, Віктара Царыкевіча, Ігара Капанайкі, Яна Рымарава, Юрыя Касцюка палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця „палітычны зняволены”, — гаворыцца ў заяве.

Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці таксама адзначаюць „павелічэнне колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзян краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь” і патрабуюць ад уладаў Беларусі: неадкладна вызваліць Лінніка, Царыкевіча, Капанайку, Рымарава, Касцюка і спыніць іх крымінальны пераслед.

Праваабаронцы таксама патрабуюць „прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асоб, а менавіта — арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы”.

Акрамя гэтага, праваабарончыя арганізацыі Беларусі ў чарговы раз запатрабавалі „неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны”.

Заяву падпісалі пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве „Хьюман канстанта”, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, арганізацыі „Прававая ініцыятыва”, „Ініцыятыва FORB”.

belapan.by