Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ чатырох чалавек



Беларускія праваабарончыя арганізацыі 16 сакавіка выступілі з сумеснай заявай аб прызнанні палітычнымі вязнямі яшчэ чатырох чалавек — Аляксея Арцецкага, Дзмітрыя Буневіча, Дзяніса Іванца і Рамана Сідзюка.

Суд Ленінскага раёна Берасця прыгаварыў да пазбаўлення волі на паўтара года Арцецкага і на год і восем месяцаў — Буневіча паводле ч. 1 арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), Іванцу выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі), Сідзюку — паводле ч. 2 арт. 293 КК і ч. 1 арт. 342 КК, абодва яны ўзяты пад варту.

Пераслед гэтых людзей праваабаронцы расцэньваюць як палітычна матываваны ў сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Беларусі, гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце spring96.org.

Праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў неадкладна вызваліць і спыніць крымінальны пераслед названых грамадзян. Акрамя таго, яны запатрабавалі выпусціць усіх палітвязняў, якіх цяпер налічваецца 291, і грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у паслявыбарчы перыяд, а таксама спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Дакумент падпісалі: пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў, „Ініцыятыва FORB”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, „Прававая ініцыятыва”, кансультацыйны цэнтр „Х’юман Канстанта” і Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend.

belapan.by