Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек



Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 11 чалавек, вынікае з сумеснай заявы, апублікаванай на праваабарончым сайце spring96.org.

Палітвязнямі абвешчаныя Канстанцін Свідуновіч, Сяргей Канановіч, Сяргей Пярфільеў, Даніла Ганчароў (усім выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), Лідзія Коршун (ч. 1 арт. 342 і арт. 369 КК), Андрэй Мацук, Аляксандр Лапух, Сіман Канцэвіч, Філіп Канцэвіч, Мікалай Малюта, Андрэй Грышчук (ч. 2 арт. 293 КК).

Праваабаронцы расцэньваюць іх пераслед як палітычна матываваны „ў сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання” наконт вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Яны патрабуюць неадкладна вызваліць іх з-пад варты і спыніць іх крымінальны пераслед, а таксама выпусціць на свабоду ўсіх палітвязняў, грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарны перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

У заяве адзначана, што свабода мірных сходаў гарантаваная арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтая свабода „не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўлены законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб”.

„Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя, — падкрэслена ў дакуменце. — Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі”.

Праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што ўпершыню ў гісторыі Беларусі „ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты”, пры гэтым „асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат”. Беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Беларусі.

Дэманстранты, перакананыя праваабаронцы, не рабілі дзеянняў, якія можна кваліфікаваць як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў „не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам”.

„Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі”, — гаворыцца ў дакуменце.

Заяву падпісалі пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў, арганізацыі „Прававая ініцыятыва”, „Ініцыятыва FORB”,”Хьюман Канстанта”.

Такім чынам, на 9 красавіка палітвязнямі ў краіне прызнаныя 353 чалавекі.

belapan.by