Беларускія праваабаронцы заклікаюць спыніць пераслед блогера Пятрухіна
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі заклікалі спыніць пераслед берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна. Адпаведны зварот падпісалі 12 арганізацый, у тым ліку Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў і закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна”.
„Мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, заклікаем: неадкладна спыніць крымінальны пераслед Сяргея Пятрухіна і зняць з яго ўсе выстаўленыя абвінавачанні; не выкарыстоўваць Крымінальны кодэкс па справах, звязаных з дыфамацыяй”, — гаворыцца ў сумеснай заяве, апублікаванай на сайце spring96.org.
Праваабаронцы лічаць, што крымінальны пераслед блогераў Пятрухіна, Аляксандра Кабанава і Андрэя Павука можа сведчыць пра ўзмацненне кантролю інтэрнэт-сферы напярэдадні выбараў.
Разгляд крымінальнай справы Пятрухіна пачнецца 9 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Берасця. Абвінавачванне выстаўленае па двух артыкулах КК: ч. 2 арт. 188 (паклёп) і ч. 2 арт. 189 (абраза).
Падставай для прыцягнення блогера да адказнасці за паклёп стаў відэаролік, які быў зняты ў мінулым годзе ў будынку суда Ленінскага раёна. Згодна з абвінавачаннем, падчас трансляцыі Пятрухін распаўсюдзіў інфармацыю ў дачыненні да ўчастковага інспектара Ленінскага РАУС Сяргея Ігнацюка, якая „не адпавядае рэчаіснасці, істотна прымяншае гонар і годнасць асобы, дыскрэдытуе пацярпелага ў вачах грамадскасці”.
Акрамя таго, як адзначаецца ў пастанове, у мінулым годзе блогер размясціў каментар да відэароліка, які „змяшчае пагардлівыя, зневажальныя, негатыўна-ацэначныя выразы”. Следства лічыць, што такім чынам Пятрухін „наўмысна зняважыў гонар і годнасць” чацвярых супрацоўнікаў Ленінскага РАУС Берасця і нанёс ім маральную шкоду.
Пятрухін стаў вядомы вясной 2017 года, калі вёў рэпартажы з „маршаў недармаедаў” супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. З тых часоў ён неаднаразова затрымліваўся міліцыяй і прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.
belapan.by