Беларускія тураператары адзначаюць дзень турызму двойчы
Міжнародная супольнасць адзначае Сусветны дзень турызму. Беларускія тураператары ды экскурсаводы двойчы ў год адзначаюць прафесійнае свята. Дзень айчыннага турызму прыпадае на 25-га верасня.
У Пінску гарадское таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў традыцыйна ладзіць падарожжа па славутых мясцінах Палесся.
Аўтарка шэрагу выданняў пра Палессе Таццяна Хвагіна адзначае, што большую ўвагу трэба звяртаць на ўнутраны турызм і дапамагаць тым, хто яго развівае:
– Іншы раз чалавек і хацеў бы зрабіць, але ён проста плюне і скажа: “Я не хачу з вамі звязвацца. Я не магу зрабіць, а да вас не пайду”. Я думаю, што вельмі шмат такіх людзей, у якіх былі ідэі, яны ўрэшце рэшт вырашылі: “Не буду я з вамі звязвацца”. Вось трэба мусіць мець нейкую і смеласць, такі напор, такі настрой, як бы на мяне не “плявалі”, як бы ў мой бок “каменне не кідалі”, а я пайду далей. Таму што гэта я раблю не для сябе, а раблю для горада, для гэтага рэгіёна, для той справы, якой займаюся.
Патэнцыял беларускага турызму станоўча адзначылі на міжнародным узроўні, але патрэбны ініцыятыўныя асобы, якія б развівалі справу не ў кабінетах, а на практыцы.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя