Беларускія турысты менш ездзяць у Польшчу і Літву
Цікавасць беларусаў да паездак за мяжу заўважна знізілася, калі параўноваць нават з мінулым годам, распавёў Беларускаму Радыё Рацыя дырэктар беластоцкай фірмы «Юніёр» Яўгеніюш Гаўрылюк, удзельнік падляшскага стэнду на выставе «Турызм і адпачынак» у Менску.
– Для беларускага турыстычнага рынку насталі не лепшыя часы. З-за росту курсу валюты паездкі сталі дарагімі.
Літва застаецца ў беларусаў адным з самых папулярных накірункаў, але нашыя грамадзяне пачынаюць лічыць грошы – становяцца больш рацыянальнымі, кажа дырэктра Vilnius City Tour Ёнас Ігнатоніс:
– Крызіс адчуваецца. Але беларусы ездзяць і на літоўскае ўзмор’е, і ў Вільню.
Пры гэтым, у 2015 годзе статыстыка паказвае рост паездак беларусаў на ўзбярэжжы Літвы, Латвіі і польскай Балтыкі. Эксперты звязваюць гэта з закрыццём крымскага кірунку пасля акупацыі ўкраінскай паўвыспы Расеяй.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота naviny.by