Беларускія вучні адзначаць Дзень еўрапейскага супрацоўніцтва



Вучні Гарадзенскай гарадской гімназіі і гімназіі №1 Наваградка разам з дзецьмі з Украіны і Польшчы прымуць удзел у мерапрыемствах прысвечаных Дню еўрапейскага супрацоўніцтва, якія ў сярэдзіне верасня адбудуцца ў Польшчы.

Дзеці Еўразвяз

Такую магчымасць дзеці атрымалі па выніках конкурснага адбору. Мерапрыемства ладзіцца ў межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва, якая фінансуецца Еўразвязам.

Гэта, паводле Таццяны Пашавалавай з Цэнтра сацыяльных інавацый, яскрава сведчыць пра зацікаўленасць заходніх партнёраў да супрацы з нашай краінай:

– Ёсць шэраг глабальных праектаў, глабальных конкурсаў, дзе Беларусь можа ўдзельнічаць разам з іншымі краінамі. Можа ўдзельнічаць ад імя сваіх грамадскіх аб’яднанняў, а таксама іншых структур, напрыклад, універсітэтаў, царкоўных арганізацый, прафсаюзных, мясцовых органаў улады. Гэта тэматычныя праграмы такія, як інвеставанне ў людзей, праграмы па культуры, па гендару, па сацыяльных пытаннях.

Школы, якія ўдзельнічаюць у Дні еўрапейскага супрацоўніцтва, не нясуць ніякіх выдаткаў – візавую падтрымку, праезд, харчаванне і пражыванне забяспечваюць арганізатары. Каманды ўдзельніцы складаюцца з чатырох вучняў і настаўніка.

Дзень еўрапейскага супрацоўніцтва адзначаецца штогод 21 верасня ў краінах Еўразвяза і тых краінах, якія з імі мяжуюць. Галоўная мэта свята – папулярызацыя тэрытарыяльнага супрацоўніцтва ў Еўропе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота fgl-energy.com