Беларускія „зялёныя” і партыйныя лідары наведалі Ігналінскую АЭС
Прадстаўнікі шэрагу беларускіх дэмакратычных партыяў і арганізацыяў наведалі Ігналінскую АЭС у Літве.
Па словах старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, мэтай наведвання АЭС было азнаямлення з працэсам закрыцця гэтага аб’екту.
– Але асноўная тэма, якая найбольш хвалявала нас – гэта тэма захавання адпрацаванага ядзернага паліва. Бо адпрацаванае ядзернае паліва трэба дзесьці захоўваць. І літоўцам прыйшлося будаваць гэтае сховішча, бо Расея адмовілася прымаць адпрацаванае ядзернае паліва. І яны былі вымушаныя гэтае сховішча будаваць у сябе на тэрыторыі. Па добраму мы былі ўражаныя, што яны справіліся з гэтай задачай, і гэтае паліва вельмі надзейна захоўваецца.
А вось беларускія ўлады да гэтай пары не паведамілі, што будзе з адпрацаваным палівам на Астравецкай АЭС, якая будуецца фактычна на беларуска-літоўскай мяжы. Таму, па словах Рыгора Кастусёва, увесь час паўставала пытанне — ці не атрымаюць беларусы гэтую АЭС як міну запаволенага дзеяння для будучых пакаленняў?
Акрамя прадстаўнікоў Партыі БНФ, Ігналінскую АЭС наведалі кіраўнікі і актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху „За свабоду”, Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, прадстаўнікі беларускіх экалагічных арганізацыяў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: photo-platov.ru