Беларускую Праваслаўную Царкву запрасілі далучыцца да святкавання 100-годдзя БНР



Беларускую Праваслаўную Царкву афіцыйна запрасілі выступіць на святкаванні 100-годдзя абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці БНР. З дазволу ўладаў яно пройдзе 25 сакавіка каля Опернага тэатра, дзе адбудуцца мітынг і канцэрт (ад 13-й да 19-й гадзіны). Арганізатары мерапрыемства лічаць, што ўдзел БПЦ важны, “бо гісторыя БНР неразрыўна звязаная з гісторыяй праваслаўнай царквы”. Яны нагадваюць, што ў Радзе БНР быў праваслаўны святар Сцяпан Кульчыцкі. У 1922 годзе Беларуская Народная Рэспубліка атрымала дабраслаўленне патрыярха маскоўскага Ціхана.

У 1993-м кіраўнік БПЦ мітрапаліт Філарэт удзельнічаў у святкаванні 75-годдзя БНР, дабраславіў выкарыстанне беларускай мовы ў службах.

“Гісторыя Беларускай Праваслаўнай Царквы мае непасрэднае дачыненне да гісторыі БНР. Таму мы запрашаем Вас або Вашага прадстаўніка ўзяць удзел у святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі — выступіць з віншавальнай прамовай на сцэне каля Опернага тэатра”, — з такой прапановай арганізатары звярнуліся да цяперашняга кіраўніка БПЦ мітрапаліта Паўла.

Напярэдадні мітрапаліт Павел заявіў, што Беларуская Праваслаўная Царква не будзе праводзіць мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю БНР. Ён лічыць, што “спробы палітызацыі малітвы” недапушчальныя. “У нас штодня моляцца за Беларусь”, — сказаў кіраўнік БПЦ. А вось мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кіраўнік Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, 25 сакавіка ўзначаліць імшу ў кафедральным саборы ў беларускай сталіцы.

Паводле bnr100.by