Беларускую царкву ў Лондане прызналі найлепшым рэлігійным будынкам свету
На Сусветным архітэктурным фестывалі ў Амстэрдаме ў катэгорыі „Найлепшы рэлігійны будынак” перамагла беларуская ўніяцкая царква ў Лондане.
Урачыстая цырымонія абвяшчэння лаўрэатаў адбылася позна ўвечары 29 лістапада ў сталіцы Нідэрландаў. Відэа, як быў абвешчаны пераможца ў намінацыі за найлепшы рэлігійны будынак, размясціла на сваім акаўнце ў Фэйсбуку кампанія Spheron Architects, якая выступала аўтарам праекта беларускай царквы.
Царква святога Кірылы Тураўскага пабудаваная каля Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане ў 2016 годзе. Гэта першы драўляны храм у Лондане з 1666 года. Царква служыць храмам-помнікам ахвярам трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.
Штогадовы Сусветны архітэктурны фестываль — адна з найважнейшых архітэктурных імпрэзаў у свеце. На ім уручаюць прэміі ў 24 намінацыях.
Фота: tut.by