Беларусу, які ваяваў за „ЛНР”, далі 2 гады калоніі



Яшчэ адзін беларус, які паехаў ваяваць за сепаратыстаў, трапіў пад суд.

Па версіі абвінавачвання, беларус у канцы лета 2015 года выехаў праз памежны пункт з Расеі ва Украіну, паведамляе „Гомельская праўда”.

На тэрыторыі самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі ён ўступіў ва ўзброенае фармаванне — стаў шарагоўцам „казацкага палка”. Яму выдалі службовае пасведчанне, баявую зброю, форму і ежу. Амаль год беларус удзельнічаў у манеўрах, выконваў гаспадарча-бытавыя ды іншыя задачы.

На акупаванай тэрыторыі беларус прабыў да студзеня 2017 года, перыядычна выязджаў у Растоўскую вобласць Расеі, а затым вырашыў вярнуцца дадому ў Гомель.

Падчас судовага пасяджэння абвінавачаны не адмаўляў, што быў у казацкім палку, але сцвярджаў, што не з’яўляўся вайскоўцам, не меў агнястрэльнай зброі і не ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях. Ён запэўніваў, што быў адпраўлены „з гуманітарнай місіяй на тэрыторыю Украіны, падкантрольную ЛНР”. Аднак прызнаваў, што ягоныя „калегі”-казакі ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях.

Гамяльчук не змог патлумачыць, чаму ў яго службовым пасведчанні пазначана прыналежнасць да падраздзялення ваеннага гарнізона і наяўнасць у яго агнястрэльнай зброі.

У выніку ён быў прызнаны вінаватым ва ўдзеле ва ўзброеным фармаванні аднаго з супрацьлеглых бакоў на тэрыторыі замежнай дзяржавы.