Беларусы Батумі супраць прысуду па «справе Ціханоўскага»



Амаль тры дзясяткі беларусаў Батумі прыйшлі на стыхійную акцыю пасля абвяшчэння прысуду па справе Ціханоўскага. Прысутныя трымалі плакаты са словамі Сяргея Ціханоўскага, узгадвалі асуджаных да вялікіх тэрмінаў, што далі Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу, Ігару Лосіку, Арцёму Сакаву, Уладзіміру Цыгановічу і Дзмітрыю Папову.   

Кажуць удзельнікі акцыі:

  – Гэта вельмі важна і, на жаль, у Беларусі не ўсе могуць выйсці і адкрыта пра гэта заявіць. Гэта найменшае, што мы можам зрабіць, памятаць пра гэта і  рознымі сродкамі намагацца звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на гэтую вялікую праблему.

– У нашай краіне гэтыя людзі незаконна пасаджаныя ў турму і не маюць права голасу. Адпаведна мы іх голас, мы іх рупар, і мы будзем асвятляць гэтыя падзеі, мы будзем рэагаваць рэзка. Гэта ўсё, што ў нашых руках. У нас мірныя акцыі і мірны пасыл, таму мы хочам, каб гэтае беззаконне спынілася.  

Большасць людзей, што прыйшлі на акцыю, самі зведалі ў Беларусі палітычны пераслед і былі вымушаныя пакінуць краіну. Для прысутных гэтая акцыя  – адзіная магчымасць падтрымкі асуджаных у Беларусі палітвязняў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча