Беларусы Бруселя правялі акцыю пратэсту (абноўлена)
Беларусы, якія жывуць у Бельгіі, ў дзень правядзення саміту „Усходняга партнёрства” зладзілі ў Бруселі акцыю пад назвай „Дзе Ганчар?”. Яны трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі і партрэты зніклых і забітых у 90-ыя гады палітыкаў Уладзіміра Ганчара, Анатоля Красоўскага, Генадзя Карпенкі, Юрыя Захаранкі і журналістаў Зміцера Завадскага ды Алега Бябеніна.
Саміт „Усходняга партнёрства” – добрая нагода нагадаць Еўропе пра гэтыя злачынствы рэжыму, – распавёў арганізатар акцыі Дзяніс Казакевіч.
– Акцыя называецца «Дзе Ганчар?». Трэба было выбраць некага аднаго. Вельмі многа насамрэч гэтых асабістых трагедый. І будзем узгадваць, канешне, не толькі Ганчара, будзем узгадваць яго сябра Анатоля Красоўскага, будзем узгадваць Генадзя Карпенку, Змітра Завадскага, будзем узгадваць Алега Бябеніна. А чаму Ганчара? Таму што ён вельмі яркі, выбітны, таленавіты, і на думку многіх, гэта быў галоўны прэтэндэнт на месца сапраўднага прэзідэнта Беларусі. Памятаць трэба пра гэта заўсёды. А сёння добрая нагода нагадаць, таму што еўрапейскія палітыкі запрасілі Аляксандра Лукашэнку ў сэрца свабоднай Еўропы на саміт “Усходняга партнёрства”. І вось гэты абуральны факт, які паказвае, што некаторыя людзі проста забылі страшныя злачынствы, пра якія забываць нельга. Гэтыя злачыствы не маюць тэрміну даўнасці. Зневажанні асновамі права, верхавенствам права – гэта падрывае асновы самаго Еўрапейскага звязу. І тое, што яны зараз робяць, якая б матывацыя ў іх не была, – гэта працуе супраць інтарэсаў Еўрапейскага звязу.
Анатоль Лябедзька: Насамрэч тое, што здарылася з Віктарам Ганчаром, з Юрасём Захаранкам, з Дзмітрыем Завадскім, з Анатолем Красоўскім – гэта сакрэт палішынэля. Даўным даўго, як толькі гэта адбылося, у мяне была размова са следчым пракуратуры горад Менска, які вёў гэтую справу, ён выйшаў са мной у калідор і сказаў: ну, спадар Анатоль, вы ж разумееце, што ў нас дастаткова матэрыялаў, каб хоць заўтра ісці ў суд. Гэта азначае, што дастаткова матэрыялаў, дастаткова інфармацыі. Давайце ўзгадаем яшчэ даклад дэпутата Пургурыдыса, які быў не эмацыйны, ён быў юрыдычным, ён быў даследаваным, і там гучалі імёны не толькі тых, хто здзяйсняў гэтыя злачынствы, а і тых, хто мог быць “заказчыкам” і арганізатарам. Таму гэта пытанне толькі часу і палітычнай волі ўлады. Калі яе няма, то гэта застаецца пад пытальнікам. І таму вельмі важна, каб людзі выходзілі на вуліцу, ці гэта Брусель, ці гэта Жабінка, гэта ўжо другаснае пытанне. Гэта адзінае пытанне, па якому не можа быць кампрамісу з уладай. Ва ўсіх астатніх пытаннях можна дамаўляцца. Можна ісці насустрач. Нешта разумець, але гэта чалавечае жыццё, і ніхта нікому не даваў права яго забіраць.
Палітычны актывіст Мірон: Сэнс майго жыцця – нагадваць людзям пра тое, што злачынцы, якія зрабілі злачынства супраць чалавецтва, гэта значыць, забілі не проста палітыкаў, забілі надзею вялікай групы людзей. І ўшаноўваючы тых забітых, мы даём надзею тым, хто сёння таксама займаецца палітыкай, той, хто не баіцца ісці супраць таго накірунку, які абраны марыянеткай Крамля. Гэта важна, бо кожны чалавек, які займаецца палітыкай, павінен быць перакананы ў тым, што яго не забудуць, пра яго будуць згадваць. Гэта проста даніна павагі да тых жывых людзей, якія жывуць і займаюцца той жа справай, як гэтыя палітыкі. Да вялікага жалю, я лічу, што ключ да знікнення гэтых людзей знаходзіцца на Лубянцы. І пакуль Лубянка кіруе Расеяй, кіруе Украінай, кіруе Беларуссю, мы гэтую тайну не адкрыем.
Ігар Піменаў: Я далучаюся да словаў свайго бацькі Пятра Піменава, гэты пікет – гэта магчымасць указаць на праблемы Беларусі. На мой погляд, гэта ў першую чаргу тое, што чалавечае жыццё ў Беларусі значыць вельмі мала. Мы бачым тут партрэты вядомых зніклых людзей, гэта Захаранка, Ганчар, яны былі вядомымі, але гэта не стала перашкодай разабрацца з імі. Таму можна сабе ўявіць, што адбываецца са звычайнымі людзьмі, якія ідуць супраць сістэмы. Гэта самы галоўны наш пасыл: сказаць “не” смяротнаму пакаранню і сказаць наша “не” фізічнай і маральнай расправе.
Надзея: Я жыву ў Бельгіі больш за 14 гадоў. Падтрымліваю ўсе акцыі нашай беларускай апазіцыі. І запрашаю астатніх беларусаў, каб не былі абіякавымі да таго становішча, якое зараз у Беларусі. Тут у нас партрэты людзей, якія загінулі ў Беларусі, і мы не ведаем, дзе і як і хто забойца. Разумеем, чаму гэта адбылося. Так, дыктатура, гэта ўсё зразумела, але вялікае значэнне мае сумленнасць саміх беларусаў. Кропелька, кропелька – і нешта магчыма зрабіць. Зараз ужо трэцяе пакаленне беларусаў, якія жывуць пры Лукашэнку, і ўжо гэта становіцца нейкім генетычным стахам. Яны баяцца сказаць сваю думку. А калі чалавек баіцца сказаць сваю думку, ён ужо перастае нават думаць. Мне хацелася б, каб беларусы не баяліся. Усё ж такі выходзілі, усё ж такі падтрымлівалі тых, хто мае гэтую вольную кроў у венах. Нешта будзем мяняць.
Акцыя з удзелам беларусаў, якія пражываюць у Бельгіі, праходзіла на плошчы Жана Рэя ў некалькіх сотнях метраў ад месца правядзення саміту „Усходняга партнёрства” ў Бруселі. Удзельнікі акцыі таксама трымалі ў руках плакат «Хто забіў Ганчара?», калажы з выявай Лукашэнкі і надпісамі па-ангельску «Крамлёўскі траянскі конь у Бруселі», плакаты «Еўрапейскія палітыкі, спыніце рэпрэсіі ў Беларусі» і «Свабоду палітычным вязням у Беларусі».
***
У Бруселі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Бельгіі правялі пікет памяці і салідарнасці са зніклымі апанентамі рэжыму Лукашэнкі — Віктарам Ганчаром, Юрыем Захаранкам, Анатолем Красоўскім, Дзмітрыем Завадскім.
З падрабязнасцямі наш карэспандэнт Антон Разумоўскі:
– У цэнтры Бруселя, дзе сёння праходзіць саміт Усходняга партнёрства, беларускія актывісты правялі акцыю памяці зніклых беларускіх палітыкаў.
Як заявіў Дзяніс Казакевіч – адзін з галоўных арганізатараў акцыі, яны прыйшлі нагадаць еўрапейскім дэпутатам, еўрапейскім палітыкам пра тое, што ў Беларусі застаюцца нераскрытымі знікненні ды выкраданні людзей. Акцыя называлася «Дзе Ганчар?». Акрамя Віктара Ганчара, быў узгаданы Анатоль Красоўскі, Генадзь Карпенка і Зміцер Завадскі.
Акцыю прыйшоў падтрымаць старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які адзначыў, што на кампраміс з Еўропай можна ісці па розных пытаннях, але калі справа датычыць жыцця чалавека, тут пытанне перад беларускімі ўладамі павінна ставіцца вельмі жорстка.
Да ўдзельнікаў, якія стаялі з бел-чырвона-белымі сцягамі і чорна-белымі плакатамі зніклых палітыкаў і журналіста Завадскага, падыходзілі паліцэйскія, але ніякіх перашкодаў у правядзенні акцыі яны не рабілі.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя