Беларусы імкнуцца да захавання міру і спакою ў краіне



Беларусы-прыхільнікі абодвух бакоў імкнуцца да захавання міру і спакою ў сваёй краіне. Сярод прыхільнікаў Лукашэнкі і праціўнікаў пратэстоўцаў ёсць гатовыя да дыялогу.

Міхаіл Фурсевіч з Менску кажа, што за Лукашэнкам ён „зразумеў правілы гульні”, нязменны курс яму імпануе.

Якой бачыць Беларусь прышласці, кажа індывідуальны прадпрымальнік Фурсевіч:

– Напэўна, упэўненую, надзейную і стабільную краіну, у першую чаргу для сваіх грамадзян. Трэба разумець, што шмат залежыць ад грамадзянаў, як яны будуць ставіцца да сваёй працы, да сваёй краіны. І гэта, напэўна, самае галоўнае. Калі грамадзяне краіны працуюць не толькі ў сваіх інтарэсах, але і ў інтарэсах дзяржавы, то тады будуць і росквіт, і дабрабыт. Яшчэ мне б хацелася заклікаць грамадзянаў жыць і ў інтарэсах дзяржавы, не толькі сваіх.

Міхаіл Фурсевіч спадзяецца, што Аляксандр Лукашэнка будзе кіраваць краінай „яшчэ пяць гадоў”.

Яго апанент Алесь Стральцоў, сталы ўдзельнік пратэстаў, аўтар праграмы выхаду з палітычнага крызісу „Шлях пераменаў”, спадзяецца, што Лукашэнка мусіць дамовіцца з пратэстоўцамі, як выйсці ў адстаўку:

– Ёсць варыянт мяккага сыходу па стане здароўя. Можна не прызнавацца, што ты прайграў выбары – надарваўся, страціў працаздольнасць, “згарэў” на працы. Гэтых варыянтаў насамрэч шмат, трэба пачаць іх абмяркоўваць. Для гэтага два бакі павінны апамятацца, таму што Лукашэнка лічыць, што ён у доміку, ён сядзіць пад аховай БТРаў, танкаў, некалькі шэрагаў АМАПу і робіць выгляд, што ўсё цудоўна. Я не вельмі веру ва ўсе гэтыя варыянты судоў, я лічу, што трэба рабіць больш мудра.

Разам з тым няма пэўнасці ў тым, што ідэя з агульнанацыянальным страйкам будзе паспяхова рэалізаваная, бо пратэсты ў Беларусі ўжо змяншаюць моц.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя