VII З’езд беларусаў свету завершыў сваю працу
Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская пераабраныя кіраўніком і старшынёй cавета Міжнароднага грамадскага аб’яднання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Такое рашэнне ў Менску прынялі дэлегаты VII з’езду беларусаў свету.
Двухдзённы форум быў арганізаваны «Бацькаўшчынай», удзел у ім прынялі больш за 300 дэлегатаў з Беларусі і замежжа. Галасаванне па дакументах з’езда і выбары кіраўніцтва прайшлі за зачыненымі дзвярыма без удзелу прэсы і гасцей.
На з’ездах у 2009 і 2013 гадоў і цяпер, у 2017-м, кіраўніком «Бацькаўшчыны» абіралася Алена Макоўская, старшынёй рады — каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская.
“Пашырэнне супрацоўніцтва з беларускім замежжам” – гэта прыярытэт для новаабранага кіраўніка Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай. Яна запэўнівае, што на працягу чарговых, чатырох гадоў арганізацыя будзе працаваць дзеля паглыблення нацыянальнай ідэнтычнасці.
– Я думаю, што гэта праца на далейшае ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці ў кампаніі “Будзьма беларусамі”. Пошук новых метадаў, ісці ў ногу з часам і шукаць гэтыя эфектыўныя новыя метады дзеля таго, каб працаваць на паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці. Гэта першае. А другое, гэта пашырэнне супрацоўніцтва з беларускім замежжам. Мы будзем ставіць пытанне і пра “карту беларуса”, і пра прыняцце ўсіх тых важных прапаноў, якія былі агучаныя ў выніковых дакументах з’езду.
Удзел у VII з’ездзе беларусаў свету, які ў выходныя прайшоў у Менску, узялі больш за 300 дэлегатаў з Беларусі і замежжа. Быў прыняты шэраг рэзалюцый, у тым ліку адносна моўнага пытання.
***
Беларускія дыпламатычныя місіі недастаткова надаюць увагу справам беларускай дыяспары. Такое меркаванне агучыла дэлегат З’езду беларусаў свету Ніна Савіна, якая з’яўляецца старшынёй Асацыяцыі беларусаў Эстоніі. Дыпламаты, маючы інструкцыю супрацоўнічаць з арганізацыямі беларускай дыяспары, часта ствараюць пры пасольствах кішэнныя структуры, – кажа Ніна Савіна.
– У нас зараз вельмі складаная сітуацыя. Дыпламаты, якія прыехалі на з’езд, нібыта маюць загад, што павінны займацца дыяспарай. І што яны зробяць? Яны лічаць, што ёсць свае і не свае. Яны падзеляць на сваіх і чужых. Адных яны запускаюць да сябе ў кішэню, астатнія павінны адыйсці, яны ўвогуле з імі не размаўляюць. Не ведаю, інструкцыя з МЗС прыходзіць, ці гэта іх уласная ініцыятыва.
Са словаў Ніны Савінай, такая сітуацыя не спрыяе плённаму супрацоўніцтву паміж рэальнымі беларускімі культурніцкімі арганізацыямі і пасольствам Беларусі, якое наадварот, павінна было б падтрымліваць беларускую дыяспару і наладжваць нармальныя ўзаемадачыненні з беларускай дзяржавай.
Пытанне аб акрэдытацыі беларускіх замежных СМІ ў Беларусі было ўзнятае на з’ездзе беларусаў свету. Дэлегат з’езду, кіраўнік Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа задаў прамое пытанне намесніку міністра замежных спраў Беларусі Вадзіму Пісарэвічу адносна таго, калі з’явіцца магчымасць акрэдытацыі. Аднак Вадзім Пісарэвіч не стаў адказваць на гэтае пытанне, спаслаўшыся на адсутнасць у яго мандату размаўляць з прэсай.
– Усе пытанні дасылайце прэс-сакратару Міністэрства замежных спраў. Я, як супрацоўнік міністэрства, не маю мандата адказваць на гэтыя пытанні пры размове з прэсай. Дасылайце ў Міністэрства замежных спраў. Усе кантакты з прэсай ажыццяўляюцца праз прэс-сакратара МЗС.
Нягледзячы на паляпшэнне ўзаемадачыненняў афіцыйнага Менска з краінамі Захаду, якое адбываецца апошнім часам, пытанне свабоды слова і стварэнне нармальных умоў для працы журналістаў і надалей застаюцца вострай праблемай у Беларусі.
Уражанні ад З’езду беларусаў свету пазітыўныя,- кажа пісьменнік і журналіст Віктар Марціновіч. Пачуццё, як на свяце беларускай музыкі „Камяніца”, калі бачыш тую Беларусь, якая мусіць быць. „Мне здаецца, што змянілася сітуацыя ў краіне. Тое, што 5 гадоў таму было не проста ў заняпаде, а ў напаўлегальным статусе, зрабілася амаль што мэйнстрымам,” – лічыць Віктар Марціновіч.
– Зараз мы назіраем, як чыноўнікі, робячы памылкі ў беларускіх канчатках, спрабуюць дрэнна чытаць па-беларуску, маўляў, мы проста думаем, што вашая беларуская мова не вельмі добрая. Але раней было так, што яны слухалі нас і думалі, ну што за фрыкі, чаму яны кажуць на гэтай незразумелай гаворцы. Так што ўсё змянілася і змянілася, здаецца, да лепшага. Я думаю, што на наступным з’ездзе топавыя беларускія чыноўнікі ўжо будуць казаць без памылак у канчатках, і гэта будзе ўжо зусім музыка для нашых вушэй.
Хоць адначасна не трэба быць занадта даверлівым да гэтых зменаў. У гісторыі Беларусі стабільных пазітыўных зменаў не было , – нагадвае Віктар Марціновіч. Па яго словах, ніколі не было, каб хвалі білі ў адным напрамку. Але тут важная тэндэнцыя. А яна ўжо выразна акрэслілася – вяртанне нацыянальных каштоўнасцяў, мовы, цікаўнасць да гісторыі. Рух да гэтага ўзмацніўся з канца 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, набірае моц, нягледзячы ні на што, і ідзе ў правільным кірунку. „Таму ў нас, як у краіны, ёсць шанец,” – лічыць Віктар Марціновіч.
Падчас VII З’езду беларусаў свету беларуская супольнасць Швайцарыі перадала парафіі святых Сымона і Алены прах княгіні Магдалены Радзівіл. Ва ўрачыстасці прыняў удзел пробашч парафіі ксёндз-магістар Уладыслаў Завальнюк. Прах са Швайцарыі прывёз Аляксандр Сапега — намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швайцарыі. Летась у ліпені князь Мацей Радзівіл у Менску паведаміў, што праўнукі вядомай беларускай мецэнаткі, княгіні Магдалены Радзівіл пастанавілі перапахаваць яе цела ў Менску — у касцёле святых Сымона і Алены, побач з якім яна жыла. Каб перадаць прах у Беларусь, сям’я таксама звярнулася да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, а таксама да пробашча Чырвонага касцёла ксяндза Уладзіслава Завальнюка, якія вельмі зычліва паставіліся да гэтай ідэі. Тым больш, што ўжо раней у Чырвоным касцёле перапахавалі парэшткі фундатара касцёла Эдварда Вайніловіча і англійскага музыказнаўцы, даследчыка беларускай культуры Гая Пікарды.
[Not a valid template]
Стратэгія развіцця беларускай нацыі і дзяржаўнасці, а таксама ўзаемадзеянне з беларускім замежжам сталі галоўнымі тэмамі двухдзённага VII З’езда беларусаў свету, які сёння працягваецца ў Менску.
Зараз праца ідзе па трох секцыях, прысвечаных беларускай дзяржаўнасці, беларускай дыяспары і беларускім мове і культуры. Працягваюцца дыскусіі па розных праблемах жыцця Беларусі і яе дыяспары. Адзін з выступоўцаў, адвакат са Злучаных Штатаў Амерыкі Юрась Зяньковіч, які эміграваў туды 10 год таму, кажа, што пасля прыезду ў Беларусь бачна, што чуткі пра хуткую смерць беларускай эканомік і самой краіны моцна перабольшаныя.
– Беларусы жывуць хай небагата, але дастаткова годна. Безумоўна існуюць праблемы. Я, як адвакат, як чалавек, які працуе з бізнесам, бачу гэтыя праблемы. У першую чаргу мяне хвалюе стан судовай сістэмы Беларусі. Яна павінна рэфармавацца, і павінны ўводзіцца гарантыі права ўласнасці. Без гэтага вельмі цяжка працаваць з Захадам, вельмі цяжка працаваць з Амерыкай. Сюды амерыканскі капітал не прыйдзе. І нават беларуска-амерыканскі капітал не прыйдзе, калі ў нас не будзе незалежных судоў і гарантыяў права ўласнасці.
Але пазітыўна тое, – адзначае Юрась Зяньковіч, – што ўлады пачынаюць разумець неабходнасць зменаў. Напрыклад, падаецца, што ўлада ўсвядоміла, што дзеля таго, каб яна засталася ўладай, неабходна будаваць беларускую Беларусь, не расейскую, не нейкую іншую, а сваю самастойную дзяржаву, якая засноўваеццца на нацыянальных каштоўнасцях. І рух у гэтым накірунку адчуваецца, – лічыць Юрась Зяньковіч.
Сярод выступоўцаў – прадстаўнік беларускай дыяспары з Беласточчыны, прафесар гісторыі Алег Латышонак:
– Я люблю быць беларусам. Мне гэта падабаецца. Праўда не ўсе гэта любяць, але гэта ўжо іх праблема. Безумоўна хапае нам клопатаў. Мы на Беласточчыне прывыклі жыць сваім жыццём. Пры камунізме наогул мяжа была вельмі моцная, і мы не вельмі арыентаваліся на савецкую Беларусь. Пасля, калі Беларусь стала незалежнай, мы сталі ездзіць туды. Вельмі добра сябе там адчувалі. Калі беларусізацыя ў Беларусі, калі можна так сказаць, была адмененая, нам нецікава стала. Цяпер ізноў жывем сваім жыццём. Але мы да гэтага прывыклі і выжываем.
На з’езд дэлегавана больш за 300 прадстаўнікоў замежнай дыяспары і беларускіх НДА. Запрашэнне на форум атрымалі прадстаўнікі рэлігійных арганізацый, дзяржаўных органаў улады, акрэдытаваныя ў Беларусі замежныя дыпламаты.
[Not a valid template]
Валянціна Шаўчэнка з Канады на З’ездзе беларусаў свету агучыла жорсткую пазіцыю Згуртавання беларусаў Канады. Адна з прычынаў — сёлетнія падзеі 25 сакавіка ў Менску.
– Ва ўмовах, якія зараз існуюць у Беларусі, мы не бачым магчымасці стасункаў з афіцыйнымі дзяржаўнымі органамі і ўстановамі. Але ж мы ўсёй душой падтрымліваем грамадскую супольнасць. Мы дапамагалі, дапамагаем і будзем дапамагаць тым, хто змагаецца за новую Беларусь. Таму што, на маю думку, патрыёт не той, хто ціха сядзіць і пагаджаецца з усім. Патрыёт той, у каго баліць душа за Радзіму, за мову, за гісторыю. У каго баліць душа за тых, хто сядзіць за кратамі ні за што, проста так, бо камусьці гэтага захацелася.
Старшыня Вярхоўнага Савету 12 склікання Станіслаў Шушкевіч, які ўрачыста адкрываў I з’езд беларусаў свету як кіраўнік дзяржавы ў 1993 годзе, выказаў сваё меркаванне пра сёлетні з’езд.
– Гэта добры з’езд. І пераважная большасць людзей тут мне падабаецца. Але калі заклікаюць быць разам ахвяр і катаў, я гэта не ўспрымаю. А тут тыя, хто бароніць сённяшні беларускі рэжым менавіта пад такімі лозунгамі і прыйшлі на гэты з’езд. І гэта мне не падабаецца. Трэба быць шчырымі. Хопіць хлусні.
Сёння дэлегаты будуць працаваць у фармаце трох тэматычных секцый: „Беларуская дзяржаўнасць: станаўленне, рэаліі, перспектывы”; „Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяння Беларусі ў сучасных умовах”; „Беларуская мова і культура — аснова нацыянальнай дзяржаўнасці”.
У другой палове дня плануецца прыняцце выніковых дакументаў і абранне новага кіраўніцтва арганізацыі.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота Улі Шубзды