Беларусы могуць стаць атамна-эксперыментальным народам!
У сталічным гатэлі “Манастырскі” адбылася міжнародная канферэнцыя “Эканамічныя ды інвестыцыйныя аспекты атамнай энергетыкі: каму патрэбна электраэнергія беларускага атама?”. Арганізатарамі сталі аналітычны цэнтр “Стратэгія” ды экспертны савет пры АГП. У ёй бралі ўдзел навукоўцы ды палітыкі з беларускага боку, а таксама дэпутаты Еўрапарламента ды Сейма Літвы.
Напярэдадні сустрэчы пагутарыў пра сітуацыю ў Астраўцы з тамтэйшым сябрам грамадзянскай партыі Міколам Уласевічам.
РР: Ці шмат забаронаў ды “табу”, пад якімі вядзецца будаўніцтва АЭС?
Мікола Уласевіч: Усюды платы з “калючкай”, прапускныя пункты. Старонніх “не пушчаць” – з выгляду сапраўдны канцлагер! Маё фота, Івана Крука ды яшчэ аднаго актывіста з Астраўца вывешаныя ў ахоўнікаў, як “сапраўдных тэрарыстаў”. Безумоўна, чуткамі зямля поўніцца. Рабочыя кажуць, што прывезены пад Новы год з Расеі рэактар з-за дапушчанай памылкі не ўлазіць корпус на нейкія 3 см. Але кіраўніцтва аніяк нічога не каментуе. Пра сітуацыю завочна можна меркаваць па колькасці людзей, што з’яжджаюць – як па ўласнай ініцыятыве, так і наймальнікаў, што не працягваюць кантракты. І асабліва – па заробках. Раней пісалі пра 50 млн, што зарабляюць асобныя высокакваліфікаваныя працаўнікі і пра 8-12 у сярэднім. Цяпер, пасля абвалу расейскага, а затым і беларускага рублёў ўпалі і заробкі да 2-3 млн. Сталі з’яжджаць нават і ўкраінцы-перасёлы. Прыкіньце – калі не ў хаце-зямлянцы, зняць пакой яшчэ нядаўна каштавала не менш за 100 даляраў… І ўсё ж такі 50% запланаванага жылля для будучых атамшчыкаў пабудаванае. Так што нешта трэба тэрмінова рабіць, каб АЭС не запрацавала, бо другога Чарнобыля Беларусь проста не перажыве!
Пазіцыю Еўразвяза абазначыў дэпутат Еўрапарламента ад Літоўскай Рэспублікі Пятрас Аўштравічус.
Пятрас Аўштравічус: Не трэба думаць, што будаўніцтва Астравецкай АЭС тычыцца толькі ўзаемаадносін Беларусь-Літва. (Да Вільні ад яе 33 км, да Менску 140-В.С. ) Хоць калі не дай бог што сур’ёзнае здарыцца, мільён (!) жыхароў Літвы трэба будзе эвакуяваць. Тым не менш, гэта пытанне еўрапейскага маштабу. Узаемаадносін з Польшчай, Латвіяй, Эстоніяй. А таксама са Швецыяй ды Фінляндыяй, чые землі моцна пацярпелі ад чарнобыльскіх хмараў. Беларусь жа падпісала дэкларацыю з ЕЗ пра супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі, дзе бакі пагадзіліся, што ў яе будуць уключаныя і пытанні ядзернай бяспекі. Невыкананне дамоўленасці па стрымліваючых тэст-сродках ужо з’яўляецца парушэннем. І Еўропа не будзе бясконца доўга глядзець на гэта. Маё асабістае меркаванне – пытанне ядзернай бяспекі мусіць стаць ключавым пры ўзаемаадносінах Еўропы з вашай краінай. Не глядзячы на тое, што выказваемся “за” павелічэнне гандлю, эфектыўнасці інвестыцый. Усё гэта другаснае, калі Беларусь вырашыць ЗНОЎ ІСЦІ ПА ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ШАШЫ! А беларускі народ рызыкуе стаць атамна-эксперыментальным…
Адзін з арганізатараў канферэнцыі – прафесар, кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка.
Леанід Заіка: Літоўцы выказваюцца занадта пяшчотна на наш бок! Хто тут з “вышэйшых” будзе каго слухаць ды прытрымлівацца якіх-небудзь энергетычных “правіл”?! Аляксандр Рыгоравіч сам палкі прыхільнік АЭС і лічыць, што ў нас з’явяцца “новыя кадры і месцы працы”. Дый што там – нібы, у космас са спадарожнікамі разам з кітайцамі выходзім, ракеты сярэдняй далёкасці свае запусцім! (смех у зале) Але вось факт без каментароў. Калі ўзяць развітыя краіны, дык толькі ЗША, Францыя будуюць пры сваіх памерах па адной АЭС. Японія збіралася – але цяпер, пасля Фукусімы, невядома. Англія ды Нямеччына, увогуле, адмовіліся, бо цудоўна разумеюць наступствы!
Экс-прэм’ер-міністр Летувы Андрус Кубіліўс спыніўся на тым, якія міжнародныя лабісты стаяць за будаўніцтвам Астравецкай АЭС ды якія мэты ставяць.
Андрус Кубіліўс: У беларускіх СМІ было шмат ці не трыўмфавання пасля візіту гендырэктара МАГАТЭ – маўляў, блаславіў гэты праект. Нічога падобнага! Існуе для такой ацэнкі шэсць місій. Чатыры з іх былі “апушчаныя”. Мяркуйце самі пра іх неабходнасць і важнасць. Па-першае, для ацэнкі падбору і месца будаўніцтва. Затым па агульных рызыках – ці распрацаваны планы аварыйнай падрыхтоўкі, як забяспечвае краіна кампетэнтнасць і незалежнасць працы ядзернага рэгулятара ці, напрыклад, вытрымае АЭС падзенне цяжкага летака і г.д?! Але трэба разумець галоўнае – Масква, што фінансуе і ўладарыць тут усім, робіць на АЭС геапалітыку! Разумее, што літоўцы ні пры якіх умовах, асабліва пасля “энергамасту” са Швецыяй на 700 мгбат, не будуць браць энергію з Астраўца. Значыць, да 40% паліва будзе невядома куды дзяваць. У Расею? Укладайце млрд даляраў у прымаючыя сеткі і – калі ласка! Значыць, выбар застанецца адзінкавы – Еўраазія альбо Еўропа? І толькі так! Для беларусаў гэта вялікая пастка…
Судакладчыкі на канферэнцыі ў адзін голас сцвердзілі, што пытанні ядзернай ды радыяцыйнай бяспекі будучай Астравецкай АЭС застаюцца без адказу. Беларускія афіцыйныя ўлады пры гэтым прадстаўляюць міжнароднай супольнасці старую ды недакладную інфармацыю, парушаюць міжнародную канвенцыю аб ядзернай бяспецы. Хоць пад ёй стаіць подпіс і нашай краіны.
На тэрыторыях, што патрапілі пад уплыў Чарнобыльскай катастрофы, пражывае ў свеце 400 млн чалавек.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара