Беларусы мусяць узбунтавацца перадусім ментальна
На днях у сетцы з’явіўся ананімны інтэрнэт-часопіс 1863x.com, які ўжо першымі артыкуламі прымусіў звярнуць на сябе ўвагу. Усе публікацыі звязаны так ці інакш з беларускай самаідэнтыфікацыяй. Аўтары называюць сайт беларускім палітычным панк-рокам і прапануюць паразважаць на тэмы Украіны, расейскай агрэсіі і будучыні Беларусі напярэдадні чарговых прэзідэнтцкіх выбараў. Адзін са стваральнікаў часопіса паразмаўляў з карэспандэнтам Беларускага Радыё Рацыя пра ідэю праекта, пра сучасныя СМІ і беларускі нацыяналізм.
РР: Хто вы такія: нацыяналісты, нацыянал-патрыёты, іншаземныя агенты?
– Нацыяналізм беларускі адрозніваецца ад нацыяналізму іншых краін. Ён самы цудоўны, мілы, чысты па дабрыні і задумцы сваёй. Беларускі нацыяналізм – гэта гаварыць на сваёй роднай мове, аднавіць гістарычную памяць, развіваць сваю культуру, мірна спакойна жыць і развівацца. Гэта значыць стаць адэкватным нармальным еўрапейскім народам. Замежныя агенты – гэта тыя, хто перашкаджае нацыянальным інтарэсам, працуючы на іншыя дзяржавы.Мы ананімны інтэрнэт-часопіс. Вырашаць чытачам, як да нас ставіцца і кім лічыць.
РР: Ідэя праекта нарадзілася даўно? Ці гэта новы праект адмыслова перад выбарамі?
– Ідэя праекта была даўно, але падзеі ва Украіне падсцёбнулі. Рэдакцыя зразумела, што беларусы, лежачы на канапе, абмяркоўваюць пажар у суседняй кватэры, варожачы, ці паспее ён патухнуць або перакінецца.
РР: Звязаныя вы неяк з апазіцыяй і чаму менавіта Дзіянаў трапіў пад першы ўдар?
– Праект ні з кім не звязаны, акрамя рэдакцыі. Што тычыцца Дзіянава, то мы хацелі паказаць усім, у тым ліку і ўладам, колькі можа з’явіцца пуцінскай агентуры пры накіраваных патоках. Дзіянаў першы трапіў, таму што яго лёгка было развесці. Ён дурны, прагны, амбіцыёзны. Старых апазіцыйных прайдохаў так не зловіш. Плюс мы хацелі адпомсціць за адданых людзей, якіх збівалі ў 2011 годзе на маўклівых акцыях.
РР: За малы час у сваіх артыкулах вы ўзгадалі нават рэдактара Анлайнера з яго пазіцыяй. Можна чакаць такіх артыкулаў пра іншых журналістаў, палітыкаў? Ёсць некія асобы, па якім вы дакладна пройдзецеся?
– Так, будзем праходзіць і па Мілінкевічу, і па Зісеру, і па многіх іншых людзях, якія гуляюць у мінус, а не ў плюс для беларускага грамадства. У нас няма мэты ўсіх абгадзіць, але мы не дазволім спакойна глядзець, як гадзяць іншыя.
РР: Сайт выйдзе за межы сеткі? Можна будзе пабачыць нейкую работу па-за межамі інтэрнэта?
– Пакуль не плануем, але сітуацыя мяняецца, таму нічога сапраўды нельга сказаць. Ці мала прыйдзецца “рашыстаў” з Магілёва і Воршы выганяць.
РР: Пішаце пра Вільню, пра беларускую мову, пра нацыяналізм. Будуць артыкулы на роднай мове?
– Пішам на расейскай, таму што мы зараз ірландцы, калі меркаваць па моўнай сітуацыі. Ірландцам ніхто не перашкаджае любіць і змагацца за сваю краіну, размаўляючы на ангельскай. Наконт беларускаймовы – будзем старацца, або калі аўтар-добраахвотнік знойдзецца.
РР: Якая мэта праекта? Назва сайта – намёк на тое, што беларусы павінны паўстаць?
– У ідэале хочам, каб дух Каліноўскага ўсяліўся ва ўсіх чыноўнікаў, яны пакаяліся, спынілі займацца глупствам і зверху пачалі шлях да рэформаў і пераўтварэнняў. Але гэта смаркатыя ружовыя мары, у якіх мінімальны шанец. Мэта праекта – дапамагчы фармаванню сапраўднай беларускай нацыі.
1863 – гэта беларуская гадзіна X, калі з’явіліся беларусы. Менавіта Каліноўскі нас стварыў, да гэтага мы былі літвінамі. І нарадзіліся ў час буры і паўстання, сярод сэрцаў сапраўдных патрыётаў. Беларусы павінны ўзбунтавацца ў першую чаргу ментальна, усвядоміць сваю годнасць і сілу. Нам ні ў якім разе не хочацца паліць міліцыю кактэйлямі Молатава, біцца, а потым хаваць лепшых людзей краіны. Але рэвалюцыі не пазбегнуць, калі ўлада сябе загоніць у тупік, у першую чаргу па эканамічных прычынах. Майдан адбыўся таму, што ў людзей не было выйсця. Я не здзіўлюся, калі рэвалюцыя пойдзе па такім плане – крах эканомікі, банкруцтва прадпрыемстваў, тысячы рабочых на плошчах, міліцыя нічога не робіць, улада валіцца. А мы ўсе нават і адрэагаваць не паспеем, толькі ў сацыяльных сетках абмяркоўваць будзем.
РР: Якімі крыніцамі інфармацыі карыстаецеся. Што думаеце пра сучасную журналістыку?
– Сучаснай палітычнай журналістыцы не хапае маладой крыві, новага погляду. Адчуваецца ўплыў тусоўкі, са сваімі правіламі і нормамі прыстойнасці. Не хапае асоб, стылю, яскравых і цікавых падач. Мы не СМІ, а прадстаўляем толькі сваё меркаванне ў асаблівай форме.
РР: Беларускі палітычны панк-рок – гэта новы стыль падачы інфармацыі, сучасны беларускі тролінг?
– У чым-сэнс панк-рока? Гэта бунт супраць любых сістэм і абмежаванняў. У панк-рока простая музыка, шмат драйву, але могуць трапляцца вельмі глыбокія тэксты. У беларускім медыяасяроддзі мы не бачылі нармальных хуліганаў, а толькі бессэнсоўных троляў. Мы яшчэ і санітары лесу – таму ж Дзіянаву зараз не КДБ баяцца трэба, а што яму проста нехта ў твар заедзе. І з беларускай палітыкі ён назаўжды выбіты, адзіны яго шлях – ісці адкрыта працаваць на Расею. Мы будзем усіх задзіраць, хто нейкім чынам шкодзіць Беларусі. А тых, хто прыносіць карысць, – хваліць і пісаць оды, як таму ж Міхалку або Гуркову.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя