Беларусы нясуць кветкі да амбасады Ізраіля ў Менску
Атака на Ізраіль. Беларусы нясуць кветкі да пасольства Ізраіля на Партызанскім праспекце ў Менску. Адпаведнаы здымак апублікаваў тэлеграм-канал «Матолька-хэлп».
Колькасць забітых ізраільцян у выніку нападу палестынскага руху ХАМАС на цяперашні момант вырасла да 600 чалавек. Вядома, што два беларусы — маці і сын — пацярпелі ў выніку ракетных абстрэлаў у Ізраілі. Яны шпіталізаваны, адзін з іх — у вельмі цяжкім стане.
У Ізраілі ўведзены ў дзеянне пункт «40 алеф». Такім чынам, краіна афіцыйна абвясціла стан вайны. Улады Ізраіля маюць намер эвакуяваць усіх жыхароў тэрыторый, якія мяжуюць з сектарам Газа, на працягу 24 гадзін.
Ізраільская армія пачынае рыхтавацца да наступальнай аперацыі, якая будзе працягвацца да поўнага знішчэння ваеннага патэнцыялу ХАМАС.
У выніку нападу тэрарыстаў на поўдні Ізраіля былі забітыя брыгадны генерал памежнай паліцыі Ізхар Пелед, яго жонка і сын.
Таксама стала вядома, што ў егіпецкай Александрыі паліцэйскі адкрыў стральбу па ізраільскіх турыстах. Ён затрыманы. МЗС Ізраіля пацвердзіла гібель трох чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя