Беларусы нясуць кветкі да пасольства Францыі (абноўлена)
Жыхары Менску працягваюць несці кветкі да амбасады Францыі, каб аддаць даніну памяці загінуўшым падчас тэрактаў ў Парыжы і выказаць салідарнасць з французскім народам. Журналістка-фрылансер Таццяна Снітко разам з сынам Станіславам прынесла да амбасады адмысловы букет, падабраны пад колеры дзяржаўнага сцяга Францыі.
– Мой сын Станіслаў памятае, як я яго брала некалькі разоў да амбасадаў у падобных трагічных выпадках. Прынамсі, калі быў збіты, як я адразу падумала, самалёт прэзідэнта Польшчы, тады я яго брала з сабой і ён асабіста ускладаў кветкі – белыя і чырвоныя. Зараз мы набылі кветкі белага, чырвонага і сіняга колеру – адмыслова пад колер сцягу Францыі.
Па словах Таццяны Снітко, хаця асабіста яе з Францыяй нічога не звязвае, але там жыве шмат яе знаёмых, сяброў. За кароткі час краіна перажывае ўжо другі крывавы тэракт. „Таму мы вельмі спачуваепм ёй,” – кажа Таццяна Снітко. Па яе словах, Беларусь з’яўляецца зараз амаль нейтральнай краінай. Але ў барацьбе са злом застацца нейтральнай не атрымаецца.
* * *
Нягледзячы на моцны дождж, беларусы нясуць кветкі і знічкі да амбасады Францыі ў Менску. Жыхары беларускай сталіцы кажуць, што адчуваюць чалавечы боль. Гэта і прыводзіць іх да амбасады з букетам кветак:
– Я люблю Еўропу, я ведаю гэтыя краіны. Я была ва Францыі. Няма слоў. Чалавечае гора. І таму кожны чалавек адрэагуе. У мяне дачка жыве ў Галандыі. Я таму вельмі хвалююся.
– Мы навучэнцы школы. У тых, хто такое робіць, няма сумлення. Яны не думаюць аб жыцці другіх людзей. Гэта жахлівыя ўчынкі. Не людзі, а нейкія жывёлы.
– У мяне там сябры жывуць. Мне было страшна. Пісаў ім сёння.
– Мы ўсе ходзім пад Богам. Мы ўсе можам апынуцца ў такой сітуацыі. Божа, уратуй.
Некаторыя з тых, хто прыйшоў са спачуваннем да амбасады, выказвалі неразуменнне, як так здарылася, што спецыяльныя службы Францыі і ўвогуле Еўразвязу не здолелі прадухіліць такі маштабны тэрарыстычны акт, ужо далёка не першы на Захадзе.
Фота Генадзя Барбарыча